Дата стварэння: 18.02.2025 09:57:34
Дата змены: 27.02.2025 16:11:47
Велікаста́хаўскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў в. Вялікае Стахава Барысаўскага раёна Мінскай вобласці пад кіраўніцтвам Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б (да лютага 1942) з верасня 1941 г. да 15 красавіка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Трымала сувязь з Барысаўскім партыйна-патрыятычным падполлем.
Аб’ядноўвала 25 чалавек. Кіраўнікі: С. Л. Бочак, савецкія ваеннаслужачыя А. І. Валагжанін і В. П. Бальшакоў, якія трапілі ў акружэнне. У канцы 1941 г. група С. Л. Бочака аб’ядналася з падпольнай групай П. Ц. Солдака.
Падпольшчыкі запісвалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі зброю, боепрыпасы, дакументы для савецкіх ваеннаслужачых, якія рыхтаваліся пайсці ў партызаны, знішчалі здраднікаў, зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад, падбіралі людзей і запасалі харчы для будучага партызанскага атрада. У студзені 1942 г. мелі 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 6 вінтовак, 6 пісталетаў, 60 гранат і некалькі тысяч патронаў. У лютым 1942 г. С. Л. Бочак, А. І. Валагжанін і У. А. Савіцкі падарвалі на чыгуначнай ветцы Барысаў — Лядзішчы (Лядзішча; цяпер адзін з раёнаў г. Барысаў) эшалон, знішчылі 5 вагонаў з ваеннай маёмасцю.
25 сакавіка 1942 г. гітлераўцы схапілі і пасля катаванняў расстралялі 12 падпольшчыкаў, у т. л. С. Л. Бочака. В. П. Бальшакоў разам з уцалелымі патрыётамі 15 красавіка пайшоў у лес і ўзначаліў партызанскую групу, на базе якой і дыверсійнай групы «Бывалыя» быў сфарміраваны партызанскі атрад «Дзядзькі Колі» (са жніўня 1942 у складзе партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі»). Летам 1942 г. гітлераўцамі была схоплена і закатавана падпольшчыца Н. В. Нікіфаровіч.
У в. Вялікае Стахава загінулым падпольшчыкам пастаўлены помнік.