Дата стварэння: 18.02.2025 10:04:17
Дата змены: 12.09.2025 12:04:19
Палац правасуддзя ў горадзе Нюрнберг (Германія), у якім у 1945–1946 гг. адбыўся Нюрнбергскі судовы працэс над галоўнымі нацысцкімі ваеннымі злачынцамі.
Нюрнбе́ргскі працэ́с
Судовы працэс над групай галоўных нацысцкіх ваенных злачынцаў.
Праводзіўся з 20 лістапада 1945 г. да 1 кастрычніка 1946 г. у г. Нюрнберг (Германія) у Міжнародным ваенным трыбунале, створаным у адпаведнасці з Лонданскім пагадненнем паміж СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй ад 8 мая 1945 г., да якога далучыліся яшчэ 19 дзяржаў. Ад СССР у яго ўвайшлі I. Ц. Нікітчанка і А. Ф. Валчкоў. Галоўным абвінаваўцам ад СССР выступаў Р. А. Рудэнка, яго намеснікамі і памочнікамі былі Ю. У. Пакроўскі, М. Д. Зора, М. Ю. Рагінскі, Л. М. Смірноў і Л. Р. Шэйнін.
Пад суд былі аддадзены 24 ваенныя злачынцы, якія ўваходзілі ў кіруючую зграю нацысцкай Германіі, былыя:
афіцыйны пераемнік А. Гітлера, галоўнакамандуючы ваеннай авіяцыяй, рэйхсмаршал Г. Герынг;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, рэйхсміністр без партфеля, обергрупенфюрар СС Р. Гес;
рэйхсміністр замежных спраў (1938–1945), обергрупенфюрар СС I. фон Рыбентроп;
начальнік штаба Вярхоўнага камандавання вермахта, генерал-фельдмаршал В. Кейтэль;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, кіраўнік Германскага працоўнага фронту, обергрупенфюрар СА Р. Лей;
начальнік Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі, обергрупенфюрар СС Э. Кальтэнбрунер;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, рэйхсміністр усходніх акупіраваных тэрыторый, рэйхсляйтар, обергрупенфюрар СА А. Розенберг;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, рэйхсміністр, генерал-губернатар Польшчы, обергрупенфюрар СС Г. Франк;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, рэйхсміністр унутраных спраў, з 1943 г. кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі (рэйхспратэктар) Чэхіі і Маравіі В. Фрык;
адзін з вядучых прапагандыстаў нацысцкай Германіі, гаўляйтар Франконіі, галоўны рэдактар штотыднёвіка «Der Stürmer», ідэолаг расізму, обергрупенфюрар СА Ю. Штрэйхер;
рэйхсміністр эканомікі і прэзідэнт Рэйхсбанка В. Функ;
рэйхсміністр без партфеля Я. Шахт;
галоўнакамандуючы ваенна-марскімі сіламі з 1943 г., з 30 красавіка да 23 мая 1945 г. рэйхспрэзідэнт і галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі нацысцкай Германіі, грос-адмірал К. Дзёніц;
галоўнакамандуючы ваенна-марскімі сіламі Германіі ў 1935–1943 гг., грос-адмірал Э. Рэдэр;
адзін з вышэйшых кіраўнікоў нацысцкай партыі, гаўляйтар і імперскі камісар абароны г. Вена (Аўстрыя), обергрупенфюрар СА Б. фон Шырах;
генеральны ўпаўнаважаны па выкарыстанні рабочай сілы, обергрупенфюрар СС Ф. Заўкель;
начальнік аператыўнага ўпраўлення Вярхоўнага камандавання ўзброеных сіл, генерал-палкоўнік А. Іодль;
начальнік партыйнай канцылярыі нацысцкай партыі, рэйхсміністр без партфеля М. Борман;
віцэ-канцлер (1933–1934), пасол Германіі ў Турцыі (1939–1944) Ф. фон Папен;
рэйхскамісар Нідэрландаў (1940–1944), обергрупенфюрар СС А. Зейс-Інкварт;
асабісты архітэктар А. Гітлера, рэйхсміністр узбраенняў і ваеннай прамысловасці (1942–1945) А. Шпеер;
рэйхсміністр замежных спраў (1932–1938), кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі (рэйхспратэктар) Чэхіі і Маравіі (1939–1941), обергрупенфюрар СС К. фон Нейрат;
начальнік унутранай прэсы (1938–1942), начальнік аддзела радыёвяшчання Міністэрства народнай асветы і прапаганды (1942–1945) Г. Фрычэ;
фюрар ваеннай эканомікі, уладальнік і кіраўнік канцэрна «АГ Круп» Г. Круп.
М. Бормана судзілі завочна (ён, як стала вядома толькі ў 1970‑я гг., загінуў у Берліне 2 мая 1945 г.). Р. Лей, калі атрымаў копію абвінаваўчага акта, пакончыў з сабою ў турэмнай камеры. Г. Круп быў прызнаны невылечна хворым, і справа аб ім была прыпынена, а ў далейшым спынена ў сувязі са смерцю.
Нюрнбергскі працэс быў адкрыты. Падсудныя карысталіся шырокімі магчымасцямі для абароны, мелі адвакатаў на свой выбар, абароне перадаваліся копіі доказных дакументаў на нямецкай мове, усе правы падсудных, прадугледжаныя Статутам Міжнароднага ваеннага трыбунала, былі строга захаваны. Ход Нюрнбергскага працэсу падрабязна асвятлялі акрэдытаваныя пры трыбунале 249 карэспандэнтаў газет, часопісаў, іншых сродкаў масавай інфармацыі.
Усяго адбылося 403 судовыя пасяджэнні, на якіх былі заслуханы паказанні падсудных (за выключэннем Р. Геса і В. Фрыка), дапытана 116 сведак, разгледжана больш за 5 тыс. дакументальных доказаў, у т. л. аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі: паведамленні і акты Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў аб зверствах акупантаў у Мінску і Мінскай вобласці, аб знішчэнні савецкіх людзей шляхам заражэння сыпным тыфам у трох канцлагерах, размешчаных у Палескай вобласці (гл. Азарыцкія лагеры смерці), аб расстрэлах жыхароў у Гомелі, Пінску, Лідзе, знішчэнні дзяцей у Брэсцкай вобласці.
Як адзначалася ў прыгаворы трыбунала, абвінавачванне супраць падсудных грунтуецца ў большай ступені на дакументах, састаўленых імі самімі, аўтэнтычнасць якіх не аспрэчвалася.
Віна галоўных ваенных злачынцаў у змове супраць міру і чалавечнасці, ва ўчыненні цяжкіх ваенных злачынстваў была даказана. Трыбунал неабвержна даказаў таксама лжывасць сфабрыкаванай нацыстамі легенды аб «прэвентыўным» характары нападзення нацысцкай Германіі на СССР.
Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу прыгаварыў да пакарання смерцю праз павешанне 12 падсудных:
Г. Герынга,
І. фон Рыбентропа,
В. Кейтэля,
А. Розенберга,
Г. Франка,
В. Фрыка,
Э. Кальтэнбрунера,
Ю. Штрэйхера,
А. Іодля,
Ф. Заўкеля,
А. Зейс-Інкварта,
М. Бормана (завочна);
да пажыццёвага турэмнага зняволення:
Р. Геса,
В. Функа,
Э. Рэдэра;
да турэмнага зняволення на 20 гадоў:
Б. фон Шыраха і
А. Шпеера;
да турэмнага зняволення на 15 гадоў:
К. фон Нейрата;
да турэмнага зняволення на 10 гадоў:
К. Дзёніца.
Я. Шахт, Ф. фон Папен і Г. Фрычэ былі апраўданы.
Член трыбунала ад СССР І. Ц. Нікітчанка заявіў адрозную думку на прыгавор у частцы апраўдання Я. Шахта, Ф. фон Папена і Г. Фрычэ і аб прымяненні пажыццёвага турэмнага зняволення Р. Гесу, лічачы, што першыя апраўданы беспадстаўна, а да Геса павінна быць прыменена пакаранне смерцю.
Міжнародны ваенны трыбунал адначасова прызнаў злачыннымі дзяржаўную тайную паліцыю (гестапа) і службу бяспекі (СД), кіруючы састаў Нацыянал-сацыялістычнай партыі і яе ахоўныя атрады (СС).
Асуджаныя да пакарання смерцю, галоўныя ваенныя злачынцы пасля адхілення Кантрольным саветам для Германіі хадайніцтваў аб памілаванні былі пакараны смерцю ў ноч на 16 кастрычніка 1946 г. Іх целы (і Г. Герынга, які скончыў жыццё самагубствам за гадзіну да пакарання смерцю) былі сфатаграфаваны і затым спалены, а прах развеяны па ветры.
Міжнародны ваенны трыбунал у Нюрнбергу ўпершыню ў гісторыі пакараў арганізатараў агрэсіўнай вайны, а агрэсію прызнаў найцяжэйшым міжнародным злачынствам.
Падрыхтоўка і правядзенне Нюрнбергскага працэсу сталі магчымымі дзякуючы сусветна-гістарычнай перамозе над германскім фашызмам, вядучую ролю ў якой сыгралі народы СССР, у т. л. беларускі. Гэта з’явілася наглядным прыкладам паспяховага супрацоўніцтва чатырох саюзных дзяржаў — членаў антыгітлераўскай кааліцыі.
Працэс мае вялікае гістарычнае значэнне (часам яго называюць «судом гісторыі»). На ім былі выкрыты агрэсіўная і чалавеканенавісніцкая сутнасць фашызму, жудасныя злачынствы нацыстаў у акупіраваных краінах, устаноўлена віна галоўных кіраўнікоў нацысцкай Германіі ў арганізацыі і ўчыненні жахлівых цяжкіх злачынстваў супраць чалавецтва. Нюрнбергскі працэс служыць справе міру, з’яўляецца грознай перасцярогай падбухторшчыкам новай сусветнай вайны.