Дата стварэння: 09.10.2024 09:59:57
Дата змены: 12.03.2025 15:37:43
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Дзеразападобныя Lycopodiopsida Bartl. |
Сямейства Дзеразовыя Lycopodiaceae P. Beauv. ex Mirb. |
Род Дыфазіястр Diphasiastrum Holub |
Дыфазія́стр (Diphasiastrum Holub), род вышэйшых споравых раслін сямейства Дзеразовыя.
Вядома каля 20 відаў і 7 гібрыдаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмеранай зоне Паўночнага паўшар’я і пераважна горных раёнах Паўднёва-Усходняй Азіі, адзін від — у Паўднёвай Афрыцы і на Мадагаскары, 2 віды — у трапічнай Амерыцы.
У Беларусі 2 віды: дыфазіястр сплюшчаны [Diphasiastrum complanatum (L.) Holub], дыфазіястр трохкаласковы [Diphasiastrum tristachyum (Pursh) Holub] і адзін гібрыдагенны від: дыфазіястр Зэйлера [Diphasiastrum × zeilleri (Rouy) Holub].
Растуць у светлых хвойных (пераважна хваёвых) і мяшаных лясах.
Шматгадовыя вечназялёныя расліны з дыморфнымі дыхатамічна галінаванымі парасткамі: доўгімі паўзучымі па паверхні глебы або падземнымі плагіятропнымі парасткамі, ад якіх адыходзяць надземныя артатропныя галіны, якія маюць абмежаваны рост. Лісце лускападобнае, размяшчаецца ў чатырох радах, парна-супраціўнае, ад лінейнага да ланцэтнага, прыціснутае або адхіленае. Для многіх відаў характэрна дарсівентральная будова парасткаў, пры гэтым пляскаваты парастак мае два рады бакавога і па адным радзе брушнога і спіннога лісця. Спараносныя каласкі (стробілы) адзінкавыя або шматлікія, на ножках або сядзячыя. Спарафілы сэрцападобныя, выразна адрозніваюцца ад вегетатыўнага лісця. Споры пупышкападобныя з сеткаватай паверхняй. Ва ўмовах Беларусі спараносяць у чэрвені — ліпені. Споры прарастаюць у цемры. Гаметафіты падземныя, мікагетэратрофныя, развіваюцца 5–7 гадоў, даўжынёй да 1 см з конусападобнай ніжняй часткай, звужанай шыйкай і пашыранай верхняй гаметангіяльнай зонай.
Для беларускіх відаў роду характэрны кланальны рост з утварэннем курцін, якія па меры адмірання цэнтральнай часткі ператвараюцца ў кальцавыя зараснікі (ведзьміны кольцы дыяметрам да некалькіх дзясяткаў метраў).
Лекавая расліна. Экстракты з надземнай часткі шэрагу відаў (перш за ўсё діфазыястру сплюшчанага) ужываюць як седатыўны, анальгезуючы, дыўрэтычны сродак, вонкава — пры фурункулёзе, алапецыі, цынзе, дэрматамікозах. Споры, таксама як споры дзеразы булавападобнай (Lycopodium clavatum L.) і спінулюму гадавога [Spinulum annotinum (L.) A. Haines], выкарыстоўваюцца ў якасці дзіцячай прысыпкі, пры пролежнях, для абсыпання пілюль. Раней яны мелі вялікае значэнне ў металургіі, дзе выкарыстоўваліся для абсыпання формаў пры выплаўцы чыгуну, асабліва пры фасонным ліцці. Надземныя часткі расліны раней прымяняліся для атрымання зялёнай (а таксама жоўтай і сіняй) фарбы для шэрсці.