СЕКВОЯДЭНДРАН, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя
pdf

СЕКВОЯДЭНДРАН

Дата стварэння: 21.11.2024 13:47:42

Дата змены: 10.06.2025 16:04:23


Аддзел

Голанасенныя

Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm.ex Reveal

Клас

Хвойныя

Pinopsida Burnett

Сямейства

Кіпарысавыя

Cupressaceae Gray

Род

Секвоядэндран

Sequoiadendron J. Buchholz

СЕКВОЯДЭНДРАН, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя

Парастак са спелай жаночай шышкай секвоядэндрана гіганцкага (фота: М. А. Джус).

СЕКВОЯДЭНДРАН, род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя

Ствол секвоядэндрана гіганцкага (фота: М. А. Джус).

Секвоядэ́ндран, секвоядэндро́н (Sequoiadendron J. Buchholz), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.

Уключае адзіны сучасны рэліктавы від — секвоядэндран гіганцкі, або мамантавае дрэва [Sequoiadendron giganteum (Lindl.) J. Buchholz], распаўсюджаны на абмежаванай тэрыторыі ў заходняй частцы Паўночнай Амерыкі (ЗША, штат Каліфорнія). Шырока культывуецца ў розных рэгіёнах зямнога шара.

У Беларусі інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць найбольш зімаўстойлівыя сарты віду, якія вырошчваюцца ў паўднёвай і цэнтральнай частках рэспублікі.

Гіганцкія вечназялёныя аднадомныя дрэвы, вышыня да 95 м і дыяметр ствала да 9 (11) м. Камлёвая частка ствала пашыраная. Адно з самых магутных і сучасных дрэў-доўгажыхароў (жыве да 3250 гадоў). Некаторыя з найбольш буйных дрэў маюць уласныя назвы. Кара чырванавата-карычневая, вельмі тоўстая, парэпаная, валакністая. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона густая, спачатку канічная, пасля круглявая, высока размешчаная на ствале. Парасткі слаба дыферэнцыраваны на пакарочаныя і падоўжаныя. Лісце чаргаванае, трохраднае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лускападобнае або ігольчастае, без залозак, прыціснутае да парасткаў; даўжыня 38 мм. Пыленне ў лютым — красавіку. Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя або даўгаватыя, жаўтаватыя, адзінкавыя; даўжыня 4–8 мм. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, даўгаватыя, паніклыя, з 12–23 парамі шчытападобных лускавінак, доўгі час застаюцца зялёнымі; даўжыня 50–80 (90) мм. Пры выспяванні, якое цягнецца два гады пасля апылення, становяцца чырванавата-карычневымі. Доўга (да 20 гадоў) застаюцца на дрэвах, ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума вузкімі крылцамі.

Святлалюбны, цеплалюбны, умерана зімаўстойлівы від, добра расце на водапранікальнай, вапнавай, урадлівай глебе і пры высокай вільготнасці паветра. Даволі добра пераносіць гарадскія умовы, досыць лёгка размнажаецца вегетатыўна.

Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення, раней шырока выкарыстоўвалася ў будаўніцтве, для вырабу шпал, слупоў, запалак і розных прадметаў быту. Каштоўнае манументальнае дэкаратыўнае дрэва. Мае шмат сартоў, што адрозніваюцца афарбоўкай і памерам лістоў, хуткасцю і формай росту. У культуры больш распаўсюджаны павольнарослыя, кампактныя культывары. У межах першаснага арэала знаходзіцца пад аховай.