Дата стварэння: 21.11.2024 13:47:56
Дата змены: 22.10.2025 09:46:43
Аддзел Голанасенныя Pinophyta Cronquist, Takht. et W. Zimm. ex Reveal |
Клас Хвойныя Pinopsida Burnett |
Сямейства Кіпарысавыя Cupressaceae Gray |
Род Секвоя Sequoia Endl. |
Секво́я (Sequoia Endl.), род голанасенных хвойных раслін сямейства Кіпарысавыя.
Уключае адзіны сучасны рэліктавы від — секвою вечназялёную [Sequoia sempervirens (D. Don) Endl.], распаўсюджаную ў заходняй частцы Паўночнай Амерыкі (ЗША, штаты Каліфорнія і Арэгон). Культывуецца ў розных рэгіёнах зямнога шара.
У Беларусі інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць найбольш зімаўстойлівыя сарты віду, якія зрэдку вырошчваюцца ў паўднёвай і цэнтральнай частках рэспублікі.
Гіганцкія вечназялёныя аднадомныя дрэвы, вышыня 60–100 (115) м і дыяметр ствала 3–4,5 (9) м. Камлёвая частка ствала пашырана. Некаторыя з найбольш буйных дрэў маюць уласныя назвы. Секвоя — адно з самых высокіх дрэў, якое жыве да 1200–2200 гадоў. Кара чырванавата-карычневая, тоўстая, баразнаватая, валакністая. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона рыхлая, канічная з гарызантальнымі або злёгку паніклымі галінкамі. Парасткі слаба дыферэнцыраваны на пакарочаныя і падоўжаныя. Лісце на гарызантальных пакарочаных парастках чаргаванае, звычайна двухраднае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, лінейнае або лінейна-ланцэтнае, пляскатае, без залозак; даўжыня ліста да 30 мм. Гэтае лісце памяншаецца каля асновы і на верхавінцы парастка (на верхавінцы яно завостранае, з белаватымі вусцейкавымі палоскамі з ніжняга боку). Лісце, якое размешчана на падоўжаных, узбежных, вертыкальных і генератыўных парастках, лускападобнае або кароткаланцэтнае, звычайна прыціснутае да восі парастка; даўжыня ліста да 6 мм. Пыленне ў лютым — красавіку. Мужчынскія шышкі дробныя, шарападобныя або даўгаватыя, жаўтавата-карычневыя, адзінкавыя; дыяметр 2–5 мм. Спелыя жаночыя шышкі адзінкавыя, круглявыя, паніклыя, з 7–15 парамі шчытападобных лускавінак, спярша зялёныя, пры выспяванні бурыя; дыяметр да 30–35 мм. Спеюць восенню ў год апылення, пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума вузкімі крылцамі.
Святлалюбны, цеплалюбны, умерана зімаўстойлівы від, які аддае перавагу вільготным, водапранікальным урадлівым глебам, добра расце пры высокай вільготнасці паветра. Даволі ўстойлівы да гарадскіх умоў, досыць лёгка размнажаецца вегетатыўна.
Драўніна лёгкая, трывалая, устойлівая да гніення і пашкоджання насякомымі, раней шырока выкарыстоўвалася ў будаўніцтве, для вырабу шпал, мэблі і розных прадметаў быту. Каштоўная хуткарослая дэкаратыўная расліна. Мае некалькі дзясяткаў сартоў, што адрозніваюцца афарбоўкай лістоў, памерамі, хуткасцю і формай росту. У межах першаснага арэала знаходзіцца пад аховай.