Дата стварэння: 21.11.2024 13:54:41
Дата змены: 27.05.2025 10:24:42
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Палушнікападобныя Isoetopsida Rolle |
Сямейства Палушнікавыя Isoetaceae Dummort. |
Род Палушнік Isoetes L. |
Палу́шнік (Isoetes L.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Палушнікавыя.
Іншая назва: шыльнік.
Уключае 190–250 відаў, распаўсюджаных касмапалітна з цэнтрам разнастайнасці ў Паўднёвай Амерыцы. Пераважна водныя або напаўводныя расліны, якія насяляюць чыстыя вадаёмы і павольна бягучыя ручаі; некаторыя віды наземныя, растуць на вільготных глебах, што сезонна перасыхаюць.
У Беларусі 2 віды — палушнік азёрны (Isoetes lacustris L.), вядомы ў Браслаўскім, Гарадоцкім, Полацкім, Расонскім, Ушацкім раёнах Віцебскай вобласці, Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці і Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці, і палушнік калючаспоравы (Isoetes echinospora Durieu), вядомы ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці і Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Беларускія віды — водныя расліны, якія жывуць на пясчаным або пясчана-ілістым дне алігатрофных азёр з вельмі чыстай вадой на глыбіні да трох метраў. Палушнік азёрны ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (від пад пагрозай знікнення, II катэгорыя аховы).
Шматгадовыя вечназялёныя травяністыя расліны з пакарочаным, у аснове 2–4‑лопасцевым сцяблом; у ніжняй частцы паміж лопасцямі фарміруюцца шматлікія карані. Верхнюю частку сцябла хавае вузкае лісце з 4 паветраноснымі каналамі ўнутры, на вяршыні шылападобнае, у ніжняй частцы пашыранае, з добра выражаным язычком (лігулай), якое шчыльна налягае адно на адно і фарміруе разетку ў верхняй частцы сцябла. У маладых раслін усё лісце вегетатыўнае, у дарослых раслін у аснове кожнага ліста фарміруецца спарангій.
Палушнікі — разнаспоравыя расліны. Часцей за ўсё вонкавае лісце ў разетцы з’яўляецца мегаспарафіламі, сярэдняе — мікраспарафіламі. На зіму мега- і мікраспарафілы адміраюць, а ўнутранае лісце, якое перазімавала, фарміруе мегаспарангіі. Мікра- і мегаспарангіі адзінкавыя, буйныя (3–7 мм, у некаторых відаў да 3 см у даўжыню), самыя буйныя сярод спарангіяў усіх сучасных вышэйшых споравых раслін; марфалагічна не адрозніваюцца. Унутры мікраспарангіяў фарміруюцца шматлікія (да 1–3 млн у спарангіі) вельмі дробныя мікраспоры. Унутры мегаспарангія фарміруецца 50–300 (часцей 160–240) значна больш буйных мегаспор. Восенню спарафілы адміраюць і паступова згніваюць. Прыстасавання для раскрывання спарангіяў у палушнікаў няма, споры вызваляюцца пры згніванні сценак спарангіяў.
Гаметафіты моцна рэдукаваныя, раздзельнаполыя, развіваюцца ўнутры адпаведных спор. На мужчынскім гаметафіце (складаецца ўсяго з 9 клетак) фарміруецца антэрыдый, у якім утвараюцца чатыры мнагажгуцікавыя сперматазоіды. Пасля выспявання сперматазоідаў абалонка мікраспоры і сценка антэрыдыю разрываюцца і сперматазоіды выходзяць вонкі. Жаночы гаметафіт буйнейшы за мужчынскі і складаецца з 30–50 клетак, якія фарміруюцца ўнутры мегаспоры. На жаночым гаметафіце развіваюцца 2–3 архегоніі. Апладненне адбываецца пры наяўнасці кропельнавадкага асяроддзя. Пасля апладнення з зіготы развіваецца новае пакаленне спарафіту.
Для шэрагу відаў адзначана апаспары́я: пры вырастанні на вялікіх глыбінях у аснове ліста на месцы спарангія могуць фарміравацца даччыныя спарафіты.
Лекавая расліна. Шэраг відаў з’яўляецца індыкатарам чысціні вады ў вадаёмах; фарміруюць «падводныя лугі» і з’яўляюцца асяроддзеўтваральнымі відамі. Некаторыя віды вырошчваюцца як акварыумныя расліны.