ГІДРАЛАГІЧНАЯ СТАНЦЫЯ, структурнае падраздзяленне гідралагічнай сеткі па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў
pdf

ГІДРАЛАГІЧНАЯ СТАНЦЫЯ

Дата стварэння: 04.03.2026 14:48:17

Дата змены: 10.03.2026 16:39:55


Гідралагі́чная ста́нцыя

Структурнае падраздзяленне гідралагічнай сеткі па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў і ўліку колькасці паверхневых водаў на тэрыторыі яе дзеяння.

Гідралагічная станцыя кіруе работай прымацаваных да яе гідралагічных пастоў, ажыццяўляе кантроль за выкананнем тэхнічных кодэксаў практыкі, якая ўсталявалася пры выкананні гідраметрычных работ, арганізуе і праводзіць гідралагічныя назіранні і іншыя злучаныя з імі работы, апрацоўвае і абагульняе матэрыялы назіранняў на гідралагічных пастах, забяспечвае спажыўцоў гідраметэаралагічнай інфармацыяй, матэрыяламі і звесткамі па гідралагічным рэжыме водных аб’ектаў тэрыторыі, якая даследуецца.

Першая на Беларусі гідралагічная станцыя (Паўднёва-Беларуская) працавала на рацэ Ведрыч у 1928–1941 гг.

У рэспубліцы гідралагічныя назіранні праводзяцца на 114 пастах (104 рачных і 10 азёрных) і 2 балотных створах (2026). Пасты размяшчаюцца па ўсёй тэрыторыі краіны на вялікіх, сярэдніх і малых рэках, на найбольш значных азёрах і вадасховішчах, якія маюць навуковае і рэкрэацыйнае значэнне. Дзейнічаюць 3 гідралагічныя станцыі: у гарадах Вілейка (Мінская вобласць) і Полацк (Віцебская вобласць), курортным пасёлку Нарач (Мядзельскі раён Мінскай вобласці).