Дата стварэння: 09.03.2026 16:10:05
Дата змены: 20.03.2026 11:08:34
Іанасфе́ра
Верхні слой атмасферы Зямлі з высокай канцэнтрацыяй свабодных іонаў і электронаў, іанізаваны ультрафіялетавым і рэнтгенаўскім выпрамяненнем, а таксама касмічнымі прамянямі.
З’яўляецца плазмай, што запаўняе тэрмасферу і экзасферу, якая валодае высокай электраправоднасцю і ўтрымлівае зараджаныя атамы кіслароду, гелію і вадароду, а таксама свабодныя электроны. Атамы і малекулы паветра зараджаюцца ў выніку страты ці набыцця свабодных электронаў пад уздзеяннем касмічнага і сонечнага выпрамянення.
Колькасць адмоўна зараджаных часціц роўна колькасці дадатна зараджаных. У залежнасці ад размеркавання па вышыні канцэнтрацыі зараджаных часціц іанасферу падзяляюць на вобласці D, E і F (у летні дзённы час падвяргаецца біфуркацыі на дзве падвобласці F₁ і F₂). Іанасфера здольная паглынаць, адбіваць і праламляць радыёхвалі, за кошт чаго ажыццяўляецца радыёсувязь.
У вобласці D (60–90 км) канцэнтрацыя зараджаных часціц складае 10²–10³ см⁻³ — гэта вобласць слабой іанізацыі. Іанізацыя гэтай вобласці адбываецца пераважна за кошт рэнтгенаўскага выпрамянення Сонца, нязначна ўплываюць метэарыты, касмічныя прамяні, часціцы магнітасферы падчас магнітных бур. Уначы іанізацыя ў гэтым слоі знікае.
Вобласць E (90–120 км) мае шчыльнасць плазмы 10⁵ см⁻³. У гэтым слоі назіраецца рост канцэнтрацыі электронаў у дзённы час і іх зніжэнне ноччу да 10³ см⁻³. У выніку высокай канцэнтрацыі зараджаных часціц слой E адыгрывае важную ролю ў распаўсюджванні сярэдніх і кароткіх радыёхваль.
Вобласць F — іанасфера вышэй за 130–140 км. Максімум іонаўтварэння адбываецца на вышыні 150–200 км. Аднак з прычыны дыфузіі і працяглага жыцця іонаў плазма разыходзіцца ўверх і ўніз ад вобласці максімуму. Таму максімальная канцэнтрацыя электронаў і іонаў у вобласці F знаходзіцца на вышыні 250–400 км. У дзённы час у падвобласці F₁ (150–200 км) назіраецца павышаная канцэнтрацыя электронаў, выкліканая магутным сонечным ультрафіялетавым выпрамяненнем. Гэта падвобласць істотна ўплывае на распаўсюджванне кароткіх радыёхваль. Вышэй размяшчаецца подвобласць F₂. Тут шчыльнасць зараджаных часціц максімальная — 10⁵–10⁶ см⁻³.
На вялікай вышыні (да 400–1000 км) пераважаюць больш лёгкія іоны кіслароду, вышэй — іоны вадароду (пратоны) і ў невялікай колькасці — атамы гелію. Асаблівасцю вобласці F з’яўляецца здольнасць адбіваць радыёхвалі ў дыяпазоне кароткіх (дэкаметровых) хваль на частотах ад некалькіх да 10 МГц. Гэта робіць магчымым перадачу такіх радыёсігналаў на значныя адлегласці.