ДЭВОНСКАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), дэвон, сістэма палеазойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі
pdf

ДЭВОНСКАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД)

Дата стварэння: 17.03.2025 10:45:23

Дата змены: 27.05.2025 11:04:38


ДЭВОНСКАЯ СІСТЭМА (ПЕРЫЯД), дэвон, сістэма палеазойскай эратэмы (эры) у геалагічнай гісторыі Зямлі

Стратыграфічная схема адкладаў дэвонскай сістэмы Беларусі (2017).

Дэво́нская сістэ́ма (перы́яд) (ад назвы графства Дэ́ваншыр, або Дэ́ван, у Паўднёва-Заходняй Англіі, на тэрыторыі якога распаўсюджаны геалагічныя пароды гэтага перыяду).

Іншая назва: дэвон.

Чацвёртая знізу сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае аднайменнаму перыяду палеазойскай эры.

Вылучана ў 1839 г. англійскімі даследчыкамі Родэрыкам Му́рчысанам і Адамам Седжвікам.

У Міжнароднай хронастратыграфічнай шкале (МХСШ; 2023) размяшчаецца пасля сілурыйскай сістэмы (перыяду) і папярэднічае каменнавугальнай сістэме (перыяду).

Ча́савыя межы вызначаны ізатопнымі метадамі.

Згодна з МХСШ і Агульнай стратыграфічнай шкалой (2024), працягласць дэвонскага перыяду больш за 60,7 млн гадоў (пачаўся 419,62 ± 1,36 млн гадоў таму, скончыўся 358,86 ± 0,19 млн гадоў таму); гл. табліцу.

Падзяляецца на 3 аддзелы геалагічныя (эпохі): ніжні (раннюю), сярэдні (сярэднюю), верхні (познюю) і 7 ярусаў геалагічных (вякоў): лохкаўскі, пражскі і эмскі (у ніжнім аддзеле), эйфельскі і жывецкі (у сярэднім), франскі і фаменскі (у верхнім).

Адклады дэвону шырока вядомыя на ўсіх кантынентах зямнога шара (фарміраваліся галоўным чынам у марскіх басейнах). З імі звязаны шматлікія карысныя выкапні.

Гэты перыяд багаты на біятычныя падзеі. Рыбы дасягаюць велізарнай разнастайнасці (адсюль і неафіцыйная назва перыяду — эпоха рыб), плакадэрмы займаюць амаль усе марскія зоны пражывання. З лопасцевапёрых рыб эвалюцыяніруюць першыя чатырохногія. Клімат практычна па ўсёй сушы быў трапічным. Расліны працягвалі распаўсюджвацца па сушы, з’явіліся першыя прадстаўнікі папарацепадобных і насенных раслін.

На сушы ад рыніяфітаў пайшлі дзеразападобныя, хвошчападобныя і голанасенныя расліны, многія з іх былі прадстаўлены дрэвавымі формамі (напрыклад, археаптэрысы). Геаграфічныя адрозненні расліннасці толькі акрэсліваліся.

У эйфельскім веку сярэдняга дэвону на тэрыторыі сучаснай Англіі рос найстаражытнейшы лес. Гэтая зусім новая наземная супольнасць была створана кладаксілеевымі дрэвамі (Calamophyton).

З’явіліся першыя наземныя пазваночныя. Палеантолагі мяркуюць, што лёгкія, якімі дыхаюць наземныя істоты, першапачаткова ўзніклі ў кісцяпёрых рыб (жывуць у балотах), ад якіх і пайшлі земнаводныя. Распаўсюджваюцца мнаганожкі, якія з’явіліся яшчэ ў сілурыйскі перыяд, з’яўляюцца павукі, кляшчы і іншыя насякомыя.

У морах дэвонскага перыяду таксама адбываліся змены. З’явіліся першыя аманіты (галаваногія малюскі са спіральна закручанымі ракавінамі). Донныя драпежнікі — эўрыптэраідэі, роднасныя ракаскарпіёнам, дасягаюць даўжыні 1,5–2 м. Бяссківічныя і сківічнаротыя засяляюць практычна ўсе марскія і прэснаводныя басейны і дасягаюць вялікай разнастайнасці.

У сярэдзіне перыяду істотна павышаецца разнастайнасць раслін. Сярод пашыраных у 2‑й палове дэвону груп значна пераважаюць дрэвападобныя дзеразападобныя, прапапараці, прагімнаспермы і першыя голанасенныя. З’явіўся глебавы покрыў.

Перыяд завяршыўся выміраннем плакадэрм і амаль усіх трылабітаў [акрамя прадстаўнікоў атрада Праэтыда (Proetida)].

З утварэннямі дэвонскай сістэмы звязаны шматлікія карысныя выкапні. У дэвоне адбылася ўспышка кімберлітавага магматызму на Усходне-Еўрапейскай платформе. У дэвонскіх пясчаніках і гравелітах Ціманскага кража і Заходняга Урала (басейн ракі Ві́шара) знойдзены алмазы (дыяменты). На Сібірскай платформе ўтварылася мноства кімберлітавых трубак. Пачалося фарміраванне Кузнецкага вугальнага басейна (Расія).

На тэрыторыі Беларусі адклады ўстаноўлены ў 1840 г. нямецкім даследчыкам Ю. Блазіусам; займаюць каля 60 % плошчы, прадстаўлены рознафацыяльнымі ўтварэннямі ўсіх ярусаў (акрамя пражскага і ніжняй часткі эмскага).

Айчыннымі даследчыкамі на аснове вывучэння асаблівасцей рэчыўнага складу парод і выкапнёвых арганічных рэшткаў у іх складзе [брахіяподаў, астракод, канадонтаў, рыб, рэшткаў раслін (акрытарх і міяспор) і інш.] распрацавана новая Стратыграфічная схема дэвонскай сістэмы Беларусі, зацверджаная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь (23.1.2017).

У схеме прыняты падзел дэвону на 3 аддзелы: ніжні, сярэдні і верхні. Ніжняму аддзелу адпавядаюць лохкаўскі і эмскі ярусы (адклады пражскага яруса на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць); сярэдняму — эйфельскі і жывецкі ярусы; верхняму — франскі і фаменскі ярусы.

Нароўні з міжнароднымі (агульнымі) стратыграфічнымі падраздзяленнямі вылучаны рэгіянальныя — 6 надгарызонтаў і 33 гарызонты; гл. табліцу. Гарызонты вылучаны на аснове біястратыграфічных зон і лон па міяспорах і макрафаўне. Лохкаўскі ярус уключае баршчоўскі і чарткоўскі гарызонты, эмскі — віцебскі гарызонт, эйфельскі — адраўскі, асвейскі, гарадоцкі і касцюковіцкі гарызонты, жывецкі — полацкі і ўбарцкі гарызонты, франскі — жалонскі, саргаеўскі, сямілуцкі, рэчыцкі, варонежскі, кустаўніцкі, анісімаўскі, скалодзінскі і чэрнінскі гарызонты; фаменскі — даманавіцкі, кузьмічоўскі, тонежскі, трэ́млянскі, вішанскі, тураўскі, драздоўскі, петрыкаўскі, лебядзянскі, арэскі, стрэшынскі, старобінскі, сцвіжскі, бароўскі і калінаўскі гарызонты.

У стратыграфічнай схеме дэвонскіх адкладаў прадстаўлена таксама мясцовая стратыграфічная шкала ў аб’ёме серый геалагічных, світ геалагічных і падсвіт.

На тэрыторыі Беларусі пароды дэвону ўскрываюцца свідравінамі на глыбіні ад 100 да 1 500 м, у асобных мясцінах (па рацэ Дняпро у г. Орша, рацэ Заходняя Дзвіна ў г. Віцебск і рацэ Сар’янка ў г. Верхнядзвінск) выходзяць на дзённую паверхню, утвараючы ў рэчышчах рэк парогі.

Самыя старажытныя дэвонскія адклады маюць абмежаванае распаўсюджанне на паўднёвым захадзе краіны (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна, Валынская монакліналь) і прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі магутнасцю да 80 м лохкаўскага яруса ніжняга аддзела.

Больш шырока развіты ўтварэнні сярэдняга і верхняга аддзелаў дэвону на ўсходзе (Аршанская ўпадзіна), поўначы (Латвійская седлавіна), у цэнтры краіны (усходнія схілы Беларускай антэклізы, Жлобінская седлавіна), дзе прадстаўлены тэрыгеннымі, карбанатнымі, радзей эвапарытавымі адкладамі агульнай магутнасцю да 500 м верхняга эмса, эйфельскага, жывецкага і часткова франскага ярусаў. Франскі ўзрост маюць і вулканамагматычныя ўтварэнні трубак выбуху рэчыцкага гарызонту Жлобінскай седлавіны.

Найбольш поўны разрэз дэвону (да − 3–3,5 тыс. м) ускрыты свідравінамі на паўднёвым усходзе краіны (Прыпяцкі прагін і Брагінска-Лоеўская седлавіна); тут утварэнні прадстаўлены глініста-карбанатнымі і тэрыгеннымі адкладамі ў асноўным эйфельскага і жывецкага ярусаў, магутнымі тоўшчамі (больш за 1 500 м) карбанатных, эвапарытавых і вулканамагматычных утварэнняў франскага і фаменскага ярусаў.

Асаблівасці разрэзу дэвону Беларусі: наяўнасць сярод карбанатных парод паўночнай і заходняй частак Прыпяцкага прагіну арганагенна-акумулятыўных адкладаў і нафтазмяшчальных арганагенных будоў; у разрэзах паўднёвых частак прагіну і паблізу Украінскага шчыта прысутнічаюць дэльтавыя ўтварэнні палеарэк і конусаў вынасу часовых водных патокаў; у зоне сучлянення ўсходняй часткі Прыпяцкага прагіну і Брагінска-Лоеўскай седлавіны, а таксама Гомельскай структурнай перамычкі ёсць вулканагенныя будовы; у заходняй частцы прагіну ў саляносных адкладах шырока прадстаўлены пласты вулканагенных будоў і калійных солей.

Да адкладаў дэвону Беларусі прымеркаваны асноўныя радовішчы карысных выкапняў: нафты (Рэчыцкае, Давыдаўскае, Вішанскае ў Гомельскай вобласці і інш.), каменнай солі (Мазырскае ў Гомельскай вобласці) і калійных солей (Старобінскае ў Мінскай вобласці, Петрыкаўскае, Акцябрскае ў Гомельскай вобласці і інш.), гіпсу (Брынёўскае ў Гомельскай вобласці), гаручых сланцаў (Тураўскае ў Гомельскай вобласці, Любанскае ў Мінскай і Магілёўскай абласцях і інш.), аграхімічнай сыравіны [даламіты кар’ера Гралёва каля былога г. п. Руба (цяпер у складзе г. Віцебск)], металаносных расолаў, мінеральных і пітных водаў. З вулканамагматычнымі ўтварэннямі Жлобінскай седлавіны і Гомельскай структурнай перамычкі звязваюць перспектывы пошукаў карэнных алмазаў.



Літаратура
  1. Геология Беларуси / под ред. А. С. Махнач, Р. Г. Гарецкий, А. В. Матвеев [и др.]. – Минск: Институт геологических наук НАН Беларуси, 2001.

  2. Жамойда А. И. Общая стратиграфическая шкала, принятая в СССР. Её значение, назначение и совершенствование. – Санкт-Петербург: Издательство ВСЕГЕИ, 2013. 

  3. Стратиграфия девонских отложений Уваровичско-Урицкой площади (юго-восток Беларуси) / С. А. Кручек, Т. Г. Обуховская, М. Г. Левый [и др.] // Проблемы алмазоносности Беларуси: сборник статей / под ред. Е. А. Никитина. – Минск: БелНИГРИ, 1999.

  4. Літасфера. 2005. № 1.

  5. Літасфера. 2005. № 2.

  6. Літасфера. 2012. № 1(36).

  7. Літасфера. 2015. № 2(43).

  8. Літасфера. 2018. №. 1(48).

  9. Стратиграфические схемы докембрийских и фанерозойских отложений Беларуси: объяснительная записка / Редкол.: С. А. Кручек (отв. ред.). – Минск: «ГП БелНИГРИ», 2010.