ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУСКІЯ ЎЗВЫШШЫ І ГРАДЫ, геамарфалагічная вобласць у цэнтральнай частцы Беларусі
pdf

ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУСКІЯ ЎЗВЫШШЫ І ГРАДЫ

Дата стварэння: 07.05.2025 14:19:16

Дата змены: 27.05.2025 11:20:24


ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУСКІЯ ЎЗВЫШШЫ І ГРАДЫ, геамарфалагічная вобласць у цэнтральнай частцы Беларусі

Градава-ўзгорысты рэльеф Навагрудскага ўзвышша Заходне-Беларускай падвобласці Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град.

Цэнтральнабелару́скія ўзвы́шшы і гра́ды

Геамарфалагічная вобласць у цэнтральнай частцы Беларусі.

Мяжуе з геамарфалагічнымі абласцямі Беларускае Паазер’е (на поўначы), раўніны і нізіны Перадпалесся (на поўдні).

Вылучана ў 1988 г. беларускімі навукоўцамі А. В. Мацвеевым, Б. М. Гурскім і Р. І. Лявіцкай на схеме геамарфалагічнага раянавання Беларусі.

Рэльеф вобласці ў асноўных рысах сфарміраваўся пад уплывам ледавіковага покрыву сожскай стадыі прыпяцкага зледзянення. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф з вяршынямі выпалажвання (згладжанымі), глыбока расчлянёны дэнудацыйнымі лагчынамі і рачнымі далінамі. Шырока прадстаўлены скразныя даліны. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні перакрыты плашчападобна залеглымі лёсападобнымі адкладамі, з якімі звязана шырокае развіццё суфозіі (фарміраванне западзін) і ўтварэнне яроў.

Займае самую высокую рэгіянальную гіпсаметрычную ступень. Абсалютныя вышыні 200–250 м і вышэй. Максімальныя адзнакі — Дзяржынская гара (345 м) і Лысая гара (342 м).

У складзе вобласці вылучаюцца 2 падвобласці — Заходне-Беларуская (уключае 15 геамарфалагічных раёнаў) і Усходне-Беларуская (4 раёны), якія адрозніваюцца асаблівасцямі марфалогіі рэльефу і структурна-тэктанічнай будовай.

Заходняя частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усходняя — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу, дынаміцы ледавіковых покрываў. На захадзе і ў цэнтральнай частцы рэльеф дасягае максімальных для Беларусі абсалютных вышынь, характэрныя высокія паказчыкі вертыкальнай і гарызантальнай расчлянёнасці, у краявым рэльефе развіты гляцыядыслакацыі. На ўсходзе рэльеф набывае характар пласкагор’я (плато), зніжаюцца абсалютныя вышыні, памяншаецца вертыкальная і гарызантальная расчлянёнасць.

Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 250 м на захадзе да 750–1 000 м на ўсходзе. Магутнасць адкладаў квартару (чацвярцічны перыяд) вагаецца ад 100 да 180 м, дасягаючы ў межах краявых ледавіковых комплексаў 300 м і больш.

У сучасным рэльефе асноўнае месца займае рэліктавая ледавіковая морфаскульптура, ускладненая маладзейшай, прадстаўленай спадчынна развітымі рачнымі далінамі, азёрна-алювіяльнымі нізінамі, ярава-лагчынным і суфазійна-запа́дзінным рэльефам.

У межах геамарфалагічнай вобласці праходзіць галоўны водападзел рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Дрэніруецца рэкамі Нёман з прытокамі Шчара, Рось, Зальвянка, Моўчадзь, Лебяда, Дзітва, Гаўя і іншымі, Вілія з прытокамі Дзвінаса, Ілія і іншымі (на захадзе), Дняпро і Бярэзіна з прытокамі Гайна, Пліса, Свіслач і іншымі (на ўсходзе). Даліны рэк добра распрацаваны, маюць выразную пойму і надпоймавыя тэрасы. У межах краявых ледавіковых комплексаў даліны невялікіх рэк вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Азёры на водападзелах практычна адсутнічаюць (выключэнне возера Свіцязь на Навагрудскім узвышшы), у далінах буйных рэк шырока развіты ста́рычныя азёры.



Літаратура
  1. Матвеев А. В. Рельеф Белоруссии / А. В. Матвеев, Б. Н. Гурский, Р. И. Левицкая. – Минск: Университетское, 1988.

  2. Современная динамика рельефа Белоруссии / А. В. Матвеев, Л. А. Нечипоренко, А. И. Павловский [и др.]. – Минск: Наука и техника, 1991.

  3. Якушко О. Ф. Геоморфология Беларуси: учебное пособие для студентов географических факультетов / О. Ф. Якушко, Л. В. Марьина, Ю. Н. Емельянов. – Минск: БГУ, 2000.