Дата стварэння: 03.03.2026 11:27:07
Дата змены: 10.03.2026 11:15:47
Акумуляты́ўныя адкла́ды (лац. accumulatio збіранне ў груд, назапашванне).
Адклады, якія сфарміраваліся ў выніку працэсаў назапашвання рыхлага мінеральнага матэрыялу і арганічных рэшткаў на паверхні сушы і на дне водных басейнаў.
Акумуляцыя адкладаў, якая адбываецца на сушы, называецца субаэральнай акумуляцыяй, на дне водных басейнаў — субаквальнай.
Назапашванне акумулятыўных адкладаў адбываецца пераважна ў паніжэннях рэльефу, якія маюць тэктанічнае паходжанне (сінеклізы, сінкліналі, прагіны, упадзіны і інш.), дзе назапашваюцца вулканічныя і асадкавыя пароды, магутнасць якіх часам дасягае некалькіх кіламетраў; у меншых маштабах праяўляецца ў рачных далінах, азёрных катлавінах і ў межах іншых адмоўных форм рэльефу. Магутнасць акумулятыўных адкладаў абумоўлена інтэнсіўнасцю дэнудацыі і актыўнасцю прагінання паверхні. Максімальныя тоўшчы акумулятыўных адкладаў характэрны для акіянічных басейнаў.
Інтэнсіўнасць акумуляцыі і склад асадкаў нераўнамерныя і залежаць ад рытмічнай зменлівасці эндагенных і экзагенных працэсаў рэльефаўтварэння і асадканазапашвання.
Сучасны рэльеф Беларусі сфарміраваўся ў квартары (чацвярцічны перыяд), для якога характэрна чаргаванне халодных і цёплых кліматычных эпох. Складзены акумулятыўнымі адкладамі ледавіковай (марэны, водна-ледавіковыя, азёрна-ледавіковыя адклады), крыягеннай (крыяалювій, крыялімній, эолавыя адклады) і тэрмагеннай (алювіяльныя, азёрныя адклады, пралювій, дэлювій, балотныя адклады, эолавыя, тэхнагенныя і інш.) фармацый магутнасцю ад некалькіх метраў да 300 м і болей (у сярэднім 75–80 м).
Акумулятыўныя адклады квартара фарміраваліся з падсцілаючых парод больш старажытнага ўзросту, якія пераносіліся ледавікамі на дзясяткі, сотні кіламетраў, а валуны — больш чым на тысячу. З імі звязаны радовішчы пяску, жвіру, глін, торфу і інш.
Акумулятыўныя адклады ранейшых геалагічных эпох на тэрыторыі Беларусі прадстаўлены пераважна марскімі асадкамі (магутнасцю ад некалькіх дзясяткаў да сотняў і тысяч метраў), да якіх прымеркаваны запасы калійных солей, каменнай солі, нафты, даламітаў, гаручых сланцаў, мелу і інш.