Вя́ча
Вадасховішча ў Мінскім раёне. Размешчана за 19 км на поўнач ад горада Мінск, на рацэ Вяча.
Пабудавана ў 1972 г.
Плошча 1,6 км², даўжыня 6,5 км, максімальная глыбіня 7 м, максімальная шырыня 0,6 км. Аб’ём вады 4,73 млн м³. Плошча вадазбору 108 км². Моцнапраточнае, сярэдні гадавы сцёк 21 млн м³.
Вадазбор узгорысты (разаранасць 35 %, залесенасць 29 %). Катлавіна выцягнутая. Берагавая лінія слабазвілістая, ёсць заліў (даўжыня 0,3 км). Берагі ў асноўным спадзістыя і ўмерана абрывістыя, зараслі лесам, дзе-нідзе хмызняком. Ваганні ўзроўню невялікія (да 0,2 м). Упадае ручай Чарніца (басейн ракі Вяча). Рэчышчавае, сезоннага рэгулявання.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 80 м), вадаскід.
Выкарыстоўваецца для рэкрэацыі: вакол вадасховішча зона адпачынку Вяча, на беразе база адпачынку. Папулярнае месца аматарскага рыбалоўства (водзяцца шчупак, карась сярэбраны, карп, плотка, лінь, акунь і інш.), ёсць лодачная станцыя.