Дата стварэння: 21.05.2025 15:33:39
Дата змены: 22.08.2025 12:21:31
Ржа́ўка
Рака ў Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласці. Даўжыня 46 км.
Пачынаецца меліярацыйнай канавай за 2,8 км на паўночны ўсход ад вёскі Рыскоў Рагачоўскага раёна, вусце за 2 км на ўсход ад горада Жлобін.
Левы прыток ракі Дняпро. Асноўны прыток — рака Ржача (левы).
Плошча вадазбору 396 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1,7 м³/с. Сярэдні ўхіл воднай паверхні 0,7 ‰. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне.
Даліна на большым працягу трапецападобная (шырыня 1–2 км), у нізоўі невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю.
Пойма ў асноўным асушаная, у ніжнім цячэнні на працягу 8–10 км шырокая, лугавая, зліваецца з поймай Дняпра.
Рэчышча каналізаванае ад вытоку да вёскі Асінаўка Жлобінскага раёна на працягу 35 км (шырыня 8–10 м, у вярхоўі да 2 м).