Папе́рня
Вадасховішча ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці.
Размешчана на рацэ Зальвянка (за 122 км ад вусця), за 44 км на паўночны ўсход ад горада Пружаны, каля вёскі Заполле.
Пабудавана ў 1950 г. Рэканструявана ў 1967 г.
Плошча 1,8 км², даўжыня 4,2 км, максімальная шырыня 0,6 км, максімальная глыбіня 3,1 м. Даўжыня берагавой лініі 12,1 км. Аб’ём вады 2,04 млн м³.
Вадазбор раўнінны (плошча 453 км², разаранасць 50 %, залесенасць 16 %, забалочанасць 15 %). Сярэдні гадавы сцёк 773 млн м³. Ваганні ўзроўню на працягу года 0,3 м. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі параслі лесам, правы — высокі, левы ў вярхоўі — нізінны, забалочаны, на астатнім працягу паступова ўзвышаецца.
Зарастае чаротам, трысцём, рагозам.
Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лінь, краснапёрка, джгір. Рэчышчавае.
Збудаванні гідравузла: плаціна (даўжыня 370 м, максімальная вышыня 6,8 м), агараджальная дамба (даўжыня 1,9 км), вадаскід, малая ГЭС.
На беразе знаходзіцца санаторый «Ружанскі». Выкарыстоўваецца для рэкрэацыі, заняткаў воднымі відамі спорту, аматарскага рыбалоўства.