МЕДЗАЗОЛ, возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці
pdf

МЕДЗАЗОЛ

Дата стварэння: 07.08.2025 15:01:12

Дата змены: 06.01.2026 11:14:06


location Google location Yandex

Медзазол, возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці


Медзазо́л

Возера ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці.

Размешчана ў басейне ракі Бярэзіна (правы прыток ракі Дняпро, цячэ праз возера), за 18 км на паўночны ўсход ад горада Докшыцы, каля вёскі Бірулі.

Плошча 3,02 км², даўжыня 2,96 км, максімальная шырыня 1,4 км, максімальная глыбіня 5,3 м. Абʼём вады 8,1 млн м³. Празрыстасць каля 1 м. Берагавая лінія (даўжыня 9 км) слабазвілістая, на ўсходзе ўтварае 3 залівы. Плошча вадазбору 381 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, круглявай формы, выцягнута з поўначы на поўдзень.

Схілы нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, пад лесам, на паўднёвым захадзе павышаюцца да 4–8 м, сугліністыя і пясчаныя, разараныя.

Берагі нізкія (вышыня да 0,2 м), забалочаныя, тарфяністыя, на паўднёвым захадзе зліваюцца са схіламі, пясчаныя.

Дно выслана сапрапелем магутнасцю да 3 м. Водная маса летам праграваецца да дна і добра насычаецца кіслародам. Моцна зарастае, шырыня паласы прыбярэжнай надводнай расліннасці да 80–100 м, распаўсюджана да глыбіні 1,5–2 м.

Водзяцца шчупак, плотка, карась залаты, лінь.