Палі́к
Іншая назва: Пялік.
Возера ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці.
Размешчана ў басейне ракі Бярэзіна (прыток Дняпра, цячэ праз возера), за 30 км на поўнач ад горада Барысаў, каля заходняй ускраіны вёскі Палік.
Упадаюць рэкі Лютка, Бурчак (на ўсходзе), Смольніца (на захадзе).
Плошча 7,68 км², даўжыня 6,2 км, максімальная шырыня 3 км, максімальная глыбіня 2,4 м. Аб’ём вады 8,76 млн м³. Плошча вадазбору 2 760 км². Берагавая лінія на поўдні ўтварае доўгі вузкі заліў (затоку).
Катлавіна лопасцевай формы, выцягнутая з поўначы на поўдзень.
Схілы вышынёй 7–8 м, спадзістыя, пясчаныя, пад лесам.
Берагі вышынёй 0,1–0,3 м, нізкія, забалочаныя, дзе-нідзе пясчаныя, пад хмызняком.
Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў месцамі пясчанае. Моцна зарастае.
Шырыня паласы надводнай расліннасці да 500 м.
Водзяцца шчупак, лешч, верхаводка, плотка, карась залаты, язь, лінь, мянтуз, краснапёрка, акунь, джгір і інш.
Размешчана ў межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка.