Дата стварэння: 21.11.2024 13:48:08
Дата змены: 11.11.2025 09:33:17
Палу́шнікападобныя (Isoetopsida Rolle), клас вышэйшых споравых раслін аддзела Дзеразападобныя.
Да гэтага класа адносяцца разнаспоравыя расліны, у якіх на верхнім баку лісця і каля яго асновы ёсць лігула, да якой ад праводнага пучка ліста падыходзіць цяж трахеід. Функцыя лігулы дакладна не ўстаноўлена. Мяркуецца, што ў выкапнёвых прадстаўнікоў яна выконвала ролю выдзялення вады ці іншых рэчываў, а ў сучасных прадстаўнікоў страціла сваю функцыю і захавалася як рудымент. У большасці прадстаўнікоў класа ёсць асаблівыя вегетатыўныя органы — рызафоры, на якіх утвараюцца прыдаткавыя карані. Спарангіі двух тыпаў (мікра- і мегаспарангіі), развіваюцца ў пазусе або на верхнім баку спарафілаў. Гаметафіты раздзельнаполыя, моцна рэдукаваныя (мужчынскія мацнейшыя), звычайна не пакідаюць абалонкі споры. Яны маюць непрацяглы тэрмін жыцця, які залежыць звычайна ад колькасці пажыўных рэчываў у споры, якая ўжо праклюнулася.
Клас уключае 2 існуючыя парадкі і некалькі вымерлых.
У Беларусі растуць 2 дзікарослыя віды: палушнік азёрны (Isoetes lacustris L.), палушнік калючаспоравы (Isoetes echinospora Durieu) і некалькі культываваных відаў, напрыклад селагінела швейцарская [Selaginella helvetica (L.) Spring], селагінела дробназубчастая [Selaginella denticulata (L.) Spring], селагінела бязножкавая [Selaginella apoda (L.) Spring].
Група ўзнікла, мабыць, у канцы дэвонскай сістэмы (перыяду). Вымерлыя прадстаўнікі класа былі пераважна травяністыя [напрыклад, прадстаўнікі парадку Проталепідадэндравыя (Protolepidodendrales Koidz.)], таксама дрэвападобныя расліны [прадстаўнікі парадкаў Лепідадэндравыя (Lepidodendrales Haeckel) і Плеўрамеевыя (Pleuromeiales Koidz.)]. Важную ролю ў фарміраванні запасаў каменнага вугалю на планеце адыгралі прадстаўнікі парадку Лепідадэндравыя. Гэтая група ўзнікла ў канцы дэвонскай сістэмы (перыяду), да пачатку каменнавугальнай сістэмы (перыяду). Увогуле, яе прадстаўнікі склалі асноўны раслінны покрыў планеты. Гэта былі буйныя дрэвападобныя расліны вышынёй да 30 м і дыяметрам ствала да 1 м. Група згасла ў час катастрафічнага пермскага вымірання і ў пачатку трыясавай сістэмы (перыяду). Паводле аднаго з пунктаў гледжання, прадстаўнікі Лепідадэндравых, якія выжылі, далі пачатак сямейству Палушнікавыя.
Сучасныя прадстаўнікі класа (950–1020 відаў) аб’ядноўваюцца ў 2 парадкі, у кожным з якіх адно сямейства: парадак Палушнікавыя (Isoetales Prantl) з сямействам Палушнікавыя (Isoetaceae Dumort.) і парадак Селагінелавыя (Selaginellales Prantl) з сямействам Селагінелавыя (Selaginellaceae Willk). Гэта невялікія травяністыя расліны, распаўсюджаныя пераважна ў тропіках з нешматлікімі відамі ў больш высокіх шыротах, якія не граюць істотнай ролі ў складанні расліннага покрыва і не маюць важнага практычнага значэння.