pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я МІНСКАЯ

Дата стварэння: 12.05.2023 11:20:47

Дата змены: 10.07.2025 14:29:16


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я МІНСКАЯ

Уручэнне пераходнага Чырвонага сцяга партызанскай брыгады 1-й Мінскай атраду імя газеты «Праўда». 1943 г.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я МІНСКАЯ

Група партызан 1-й Мінскай брыгады, узнагароджаных ордэнамі і медалямі. 1943 г.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА    1-я МІНСКАЯ

Партыйны сход партызан 1-й Мінскай брыгады. 1943 г.

Партыза́нская брыга́да 1‑я Мі́нская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага, Мінскага, Чэрвеньскага і Рудзенскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана ў жніўні 1942 г. на базе атрадаў М. М. Джагарава (пазней атрад «Камсамол», арганізаваны ў красавіку 1942), А. I. Дрантусава (потым імя Ф. П. Юрчанкі, арганізаваны ў маі 1942), У. А. Чармянёва (арганізаваны ў маі 1942), М. Ф. Калуцкага (арганізаваны ў снежні 1941, у снежні 1942 аб’яднаны з атрадам У. А. Чармянёва ў атрад імя С. М. Кірава). У кастрычніку 1942 г. да брыгады далучыўся атрад П. І. Іваненкі (пазней атрад імя газеты «Правда»), у красавіку 1943 г. — атрад «Перамога». У лістападзе 1942 г. быў арганізаваны атрад імя С. М. Будзённага, у чэрвені 1943 г. — атрад імя М. І. Калініна, у жніўні 1943 г. — атрады імя К. Я. Варашылава, імя А. В. Суворава, імя В. П. Чкалава. Пазней у складзе брыгады дзейнічала 10 атрадаў.

У кастрычніку 1943 г. загадам Беларускага штаба партызанскага руху брыгада была разбуйнена: з атрадаў імя С. М. Кірава, імя С. М. Будзённага і імя К. Я. Варашылава была сфарміравана партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Мінскай вобласці, камандзір М. І. Карашкоў), з атрадаў імя газеты «Правда», «Перамога», імя М. І. Калініна — партызанская брыгада імя газеты «Правда».

Партызаны ў студзені 1944 г. на чыгунцы Мінск — Асіповічы падарвалі 19 эшалонаў, у час «Рэйкавай вайны» перабілі 1 285 рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны ў в. Ляды Смалявіцкага (гл. Лядскі бой 1943 г.) і Дукора Рудзенскага раёнаў Мінскай вобласці. Разам з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні г. Чэрвень, мястэчка Смілавічы, г. п. Рудзенск, пачынаючы з 29 чэрвеня 1944 г. трымалі абарону на 18‑кіламетровым участку.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Ф. П. Юрчанкі (камандзір атрада Ф. П. Юрчанка загінуў у лютым 1943), «Камсамол», імя А. В. Суворава, імя В. П. Чкалава, у іх складзе змагаліся 1 222 партызаны.

Камандзіры брыгады: М. X. Балан, Е. А. Іваноў; камісары: I. В. Чэпелеў (загінуў), Г. Н. Раманаў, Е. А. Іваноў, В. П. Сушкевіч; начальнікі штаба: М. М. Джагараў, К. П. Кулеш.

У гонар брыгады ў в. Іванічы Чэрвеньскага pаёна ў 1975 г. пастаўлены помнік.