Дата стварэння: 12.05.2023 11:21:15
Дата змены: 11.09.2024 14:31:28
Партыза́нская брыга́да Асве́йская імя́ М. В. Фру́нзэ
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асвейскага, Расонскага і Дрысенскага раёнаў Віцебскай вобласці.
Створана 26 жніўня 1942 г. рашэннем аператыўнай групы партызанскага руху пры Ваенным савеце 4‑й ударнай арміі на базе сфарміраванай у ліпені 1942 г. асобнай групы партызанскіх атрадаў Асвейскага раёна, якая ўключала атрады: імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў красавіку 1942 з удзельнікаў Асвейскага партыйна-патрыятычнага падполля і Прошкаўскага камсамольска-маладзёжнага падполля), імя А. А. Жданава (з кастрычніка 1942 імя У. У. Сімацкага; названы ў гонар камандзіра, які загінуў у баі 17.10.1942), імя Р. К. Арджанікідзэ, імя А. Я. Пархоменкі. Група ўваходзіла ў брыгаду «За Савецкую Беларусь» (пазней партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Віцебскай і Вілейскай абласцей). Атрад імя А. Я. Пархоменкі пры гэтым застаўся ў брыгадзе «За Савецкую Беларусь». У брыгадзе былі арганізаваны атрады: у верасні 1942 г. — імя Р. І. Катоўскага, у чэрвені 1943 г. — імя А. А. Жданава, у верасні 1943 г. — 2‑і імя М. В. Фрунзэ.
Разам з партызанскімі брыгадамі Дрысенскай (пазней 1‑я Дрысенская) і «За Савецкую Беларусь» партызаны брыгады ў кастрычніку 1942 г. правялі аперацыю па разгроме варожых гарнізонаў на чыгуначных станцыях Боркавічы і Дрыса, у студзені — красавіку 1943 г. разграмілі гарнізоны ў населеных пунктах Вецслабада (гл. Вецслабадскі бой 1943 г.) і Ксяверына Латвійскай ССР, Каханавічы і Кабыльнікі Асвейскага раёна, Глямбочына Себежскага раёна Калінінскай вобласці РСФСР, Саўчонкі і Балотнікі Дрысенскага раёна. Вялі баі з карнікамі ў лютым — сакавіку, лістападзе — снежні 1943 г.
Пасля баёў з карнікамі брыгада, у якой налічвалася 1 169 партызан, у снежні 1943 г. перайшла лінію фронту, на акупіраванай тэрыторыі застаўся атрад імя Р. К. Арджанікідзэ. У савецкім тыле 2‑і атрад імя М. В. Фрунзэ і атрад імя А. А. Жданава былі расфарміраваны. У лютым 1944 г. брыгада, у якой засталося 206 чалавек, вярнулася ў Асвейскі раён, дзе да яе далучыўся атрад імя Р. К. Арджанікідзэ.
У сакавіку — маі 1944 г. партызаны зноў вялі баі з карнікамі. У аперацыі «Рэйкавая вайна» на ўчастках Дрыса — Марцінава, Маразы — Паноры, Дрыса — Бігосава падарвалі больш за 2 тыс. рэек. У ноч на 8 ліпеня 1944 г. з баямі захапілі бальшак Полацк — Асвея паміж вёскамі Маскалёнкі і Стралкі і не давалі магчымасці ворагу адступаць.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 13 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. В. Фрунзэ, імя У. У. Сімацкага, імя Р. К. Арджанікідзэ, імя Р. І. Катоўскага; у брыгадзе налічвалася 345 партызан.
Камандзіры брыгады: I. К. Захараў, М. М. Кузьмін; камісары: В. П. Уладзіміраў (загінуў), А. I. Сяргушка, А. А. Бохан; начальнікі штаба: А. Д. Мядзведзеў, А. I. Трафімаў, Ц. Ф. Радзівонаў, Г. А. Ахмедзяраў.
Камандзіру брыгады І. К. Захараву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У гонар брыгады ў в. Марачкова Расонскага раёна ў 1964 г. быў пастаўлены абеліск, у г. Верхнядзвінск у 1962 г. і ў г. п. Асвея ў 1975 г. былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.