Дата стварэння: 12.05.2023 11:22:52
Дата змены: 15.05.2025 15:00:52
Партыза́нскі полк 113‑ы
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Магілёўскага, Клічаўскага і Быхаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Створаны ў студзені 1944 г. на базе атрада 113‑га.
У ліпені 1941 г. пачала фарміравацца група на чале з К. М. Белавусавым, якая дзейнічала спачатку ў Смалявіцкім, потым у Бялыніцкім раёне, да сакавіка 1942 г. аформілася ў атрад, які ў ліпені 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 113‑ы. У лістападзе 1942 г. уключаны ў партызанскую брыгаду 6‑ю Магілёўскую, з ліпеня 1943 г. дзейнічаў як асобны атрад у складзе Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (раённай), складаўся з трох рот. Пры перафарміраванні атрада ў полк кожная з рот была разгорнута ў батальён.
Партызаны атрада вялі баі па ачышчэнні і абароне партызанскай зоны ад акупантаў. У студзені 1942 г. — ліпені 1943 г. самастойна і разам з іншымі атрадамі разграмілі варожыя ўстановы ў вёсках Вялікія Бялевічы, Прыхабы, Гарадзішча, Цяхцін, Аксенькавічы, Дасовічы, Падзевічы, Пушча. У кастрычніку 1942 г., лютым, маі, ліпені, жніўні 1943 г. каля чыгуначнай станцыі Тошчыца падарвалі больш за 730 рэек.
Партызаны палка ў маі 1944 г. знішчылі 8 аўтамашын, падарвалі эшалон на ўчастку Магілёў — Шклоў. У час аднаго з этапаў аперацыі «Рэйкавая вайна» полк 20 чэрвеня 1944 г. скоўваў боем часці нямецкай 60‑й рэзервовай мотамеханізаванай дывізіі, якія размяшчаліся ў вёсках Гуслішча і Гуслянка Магілёўскага раёна.
Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 920 партызан.
Камандзіры палка: К. М. Белавусаў (да красавіка 1944), З. П. Гапонаў; камісар Д. Я. Альховік; начальнік штаба I. Ф. Хазаў.
У гонар палка ў в. Гарадзішча Магілёўскага pаёна ў 1967 г. пастаўлены абеліск.