pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 6‑я МАГІЛЁЎСКАЯ

Дата стварэння: 28.09.2023 16:24:43

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

Партыза́нская брыга́да 6‑я Магілёўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра ў складзе асобных атрадаў 121‑га, 425‑га, 600‑га. У студзені 1943 г. у брыгаду ўключаны атрад «За Радзіму» (пазней атрад 122‑і «За Радзіму»), у маі 1943 г. — партызанскі атрад 760‑ы імя М. Беразоўскага, вылучаны з партызанскай брыгады 5‑й Клічаўскай.

Партызаны вялі баі па ачышчэнні месца дыслакацыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У лістападзе 1942 г. падарвалі чыгуначны мост цераз р. Друць на лініі Магілёў — Асіповічы, наносілі ўдары па ўчастку чыгункі Магілёў — Рагачоў на лініі Магілёў — Жлобін. Разграмілі 11 лютага 1943 г. варожы гарнізон у в. Пашкава Магілёўскага pаёна (гл. у артыкуле Пашкаўскі бой 1943 г.). Удзельнічалі з іншымі брыгадамі ў разгроме варожых апорных пунктаў у вёсках Заполле, Забавы і Бахані Бялыніцкага pаёна 13 красавіка 1943 г. (гл. у артыкуле Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). У студзені і маі 1943 г. змагаліся супраць карнікаў, з баямі выходзілі з блакады. У чэрвені 1943 г. падарвалі 4 эшалоны.

Брыгада расфарміравана ў ліпені 1943 г. у сувязі са стварэннем раённай Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (Магілёўскай ВАГ), на той момант у ёй налічвалася 1 377 партызан. Атрады 113‑ы і 121‑ы перададзены Магілёўскай ВАГ (раённай), 600‑ы, 122‑і «За Радзіму» і 760‑ы імя М. Беразоўскага — Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групе.

Камандзір брыгады К. М. Белавусаў; камісар З. П. Гапонаў; начальнікі штаба: С. Г. Сідарэнка-Салдаценка, Д. I. Фядотаў.