pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 5‑я КЛІЧАЎСКАЯ

Дата стварэння: 15.03.2024 10:45:17

Дата змены: 11.09.2024 15:07:20

Партыза́нская брыга́да 5‑я Клі́чаўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага, Быхаўскага, Кіраўскага і Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра, уключала атрады 620‑ы, 760‑ы, 61‑ы і 25‑ы. У снежні 1942 г. у брыгадзе налічвалася 678 партызан.

Партызаны зрывалі перавозкі ворага на чыгуначных участках Магілёў — Рагачоў (лінія Магілёў — Жлобін), Магілёў — Шклоў (лінія Магілёў — Орша), на чыгуначнай лініі Магілёў — Асіповічы, з 10 лютага па 20 сакавіка 1943 г. пусцілі пад адхон 3 эшалоны. У красавіку 1943 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у г. п. Клічаў, вёсках Суша Клічаўскага раёна, Дручаны Бялыніцкага раёна (гл. у артыкуле Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). У маі 1943 г. вялі баі з карнікамі.

Брыгада расфарміравана 20 мая 1943 г. распараджэннем Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, атрад 760‑ы перададзены партызанскай брыгадзе 6‑й Магілёўскай, атрады 620‑ы, 25‑ы, 61‑ы перададзены як асобныя ў прамое падпарадкаванне Магілёўскай ваенна-аператыўнай групе (абласной).

Камандзір брыгады М. С. Міхалап; камісары: Міхайлаў, А. А. Хачатран; начальнікі штаба: I. Б. Рутман, В. П. Дрожнікаў.