Дата стварэння: 25.06.2025 14:19:52
Дата змены: 21.08.2025 11:35:58
Партыза́нская брыга́да імя́ Алякса́ндра Не́ўскага
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Гродзенскага і Скідзельскага (Скідальскага) раёнаў Беластоцкай вобласці.
Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў імя Аляксандра Неўскага (арганізаваны ў красавіку 1943 на базе групы I. Д. Ананчанкі і П. П. Дайнекі, вылучанай у студзені 1943 партызанскай брыгадай 300‑й імя К. Я. Варашылава), «За Радзіму» (арганізаваны ў лістападзе 1943), імя Р. І. Катоўскага (арганізаваны ў чэрвені 1943 на базе спецгрупы А. Е. Сарнычава і партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў 1942–1943 у Ваўкавыскім, Гродзенскім і Скідзельскім раёнах), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў чэрвені 1943 на базе арганізатарскай групы I. Я. Сямашкі і партызанскіх груп, што дзейнічалі ў Гайнаўскім і Гродзенскім раёнах). У маі 1944 г. арганізаваны атрады 1‑ы Антыфашысцкі (у ліпені перайменаваны ў атрад імя В. І. Чапаева) і імя К. Я. Варашылава.
Партызаны зрывалі перавозкі, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага на чыгунках і шашэйных дарогах Гродна — Ліда, Гродна — Вільнюс, Слонім — Ваўкавыск. У чэрвені — пачатку ліпеня 1944 г. пашкодзілі некалькі ўчасткаў шашы Гродна — Вільнюс. Вялі баі па ліквідацыі апорных пунктаў праціўніка.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 13 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Аляксандра Неўскага, імя Р. І. Катоўскага, імя А. В. Суворава, «За Радзіму», імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, у якіх змагаліся 562 партызаны.
Камандзір брыгады К. М. Ешчанка, камісар П. П. Дайнека, начальнік штаба В. Г. Жалязноў.