pdf
КЕДЫШКА, Мікалай Аляксандравіч

М. А. Кедышка

КЕДЫШКА

Дата стварэння: 22.05.2023 11:59:29

Дата змены: 11.09.2024 14:55:54


КЕДЫ́ШКА Мікалай Аляксандравіч (13.8.1923, г. Мінск — 7.11.1943).

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага камсамольска-маладзёжнага падполля ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Герой Савецкага Саюза (1965).

Напярэдадні вайны быў рабочым Мінскага будаўнічага трэста.

Восенню 1941 г. з групай камсамольцаў стварыў і ўзначаліў у акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Мінску падпольную групу, якая да красавіка 1943 г. вырасла ў буйную арганізацыю «Андруша» (гл. у артыкуле Мінскае камсамольска-маладзёжнае падполле).

З лютага 1943 г. у складзе групы Мінскага падпольнага гаркама ЛКСМБ, члены якой падтрымлівалі сувязь з партызанскай брыгадай «Штурмавая» і з падпольнымі камсамольска-маладзёжнымі арганізацыямі горада, накіроўвалі іх работу.

Уладкаваўшыся працаваць на хлебазавод «Аўтамат», з групай рабочых вывеў са строю 4 электраматоры, канвеер для падачы хлеба, выкідвальнікі цеста, спаліў у гаражы 3 аўтамашыны. Удзельнічаў у дыверсіях на электрастанцыі, чыгуначным вузле і іншых аб’ектах, знішчэнні акупантаў і іх памагатых.

Загінуў у перастрэлцы з гітлераўцамі, якія акружылі явачную кватэру.

У Мінску М. А. Кедышку пастаўлены 2 помнікі, яго імем названы вуліца і Мінскі дзяржаўны каледж рамесніцтва і дызайну.