Дата стварэння: 16.06.2023 10:54:48
Дата змены: 20.09.2023 14:23:29
Шу́неўка
Вёска на тэрыторыі Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 2 км на паўночны захад ад в. Дабрунь Бягомльскага сельсавета, каля шашы Лагойск — Бягомль — Глыбокае — Браслаў. Перад вайной у вёсцы жылі 77 чалавек.
У час карнай аперацыі «Котбус» 22 мая 1943 г. гітлераўцы загубілі 67 (паводле іншых крыніц — 66) жыхароў, у т. л. 21 дзіця, разрабавалі маёмасць і спалілі вёску (27 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На месцы былой вёскі ў 1983 г. створаны мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму» на ўшанаванне памяці пра вёскі Докшыцкага раёна, якія былі знішчаны нямецка-фашысцкімі акупантамі. Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».