pdf

БЯЛЫНІЦКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:40:57

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58

Бялы́ніцкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. п. Бялынічы (з 2016 — горад) і в. Вялікі Трылесін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці з ліпеня 1941 г. да кастрычніка 1943 — [з сакавіка 1943 г. пад кіраўніцтвам Бялыніцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б] у час Вялікай Айчыннай вайны.

Група ў г. п. Бялынічы (кіраўнікі I. С. Корзун, Л. У. Бабіч) налічвала больш за 20 чалавек, у в. Вялікі Трылесін дзейнічала камсамольская група з 10 чалавек пад кіраўніцтвам I. А. Марозава, У. В. Лапухіна.

Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, мелі радыёпрыёмнік. С. I. Старавойтаў і У. С. Талан, якія працавалі на радыёвузле акупантаў у Бялынічах, прымалі, размнажалі і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро. Удзельнікі падполля падтрымлівалі сувязь з партызанамі атрадаў 122‑га «За Радзіму» (гл. Партызанскі полк 122‑і «За Радзіму») і 600‑га (гл. Партызанскі полк 600‑ы), перадалі ім 4 кулямёты, каля 50 вінтовак, вялікую колькасць патронаў, медыкаментаў, паведамлялі звесткі пра варожыя гарнізоны, зрывалі вываз моладзі на катаргу ў Германію, разам з партызанамі ў маі 1943 г. здзейснілі дыверсію на збожжаскладзе, у верасні 1943 г. разграмілі гарнізон акупантаў у Бялынічах. Падпольная група в. Вялікі Трылесін перад адыходам у партызанскі атрад здабыла ручны кулямёт, 23 вінтоўкі, 2 скрынкі гранат.

У 1941–1943 гг. многія падпольшчыкі былі схоплены і загублены гітлераўцамі.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі К. П. Аўрамава, Л. У. Бабіч, С. П. Гарэлік, С. У. Маразевіч, К. С. Міцькоў, Д. А. Хадоркін, С. Ф. Цітоў, Г. I. Чорная, К. А. Чуліцкі.

У в. Вялікі Трылесін у гонар камсамольцаў-падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.