pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 600-ы

Дата стварэння: 18.02.2025 09:32:38

Дата змены: 22.09.2025 16:47:54


Партыза́нскі полк 600‑ы

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Бярэзінскага, Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створаны ў студзені 1944 г. на базе партызанскага атрада 600‑га.

У жніўні 1941 г. у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці пачала дзейнічаць група М. Д. Авяр’янава, арганізаваная з вайскоўцаў, якія не змаглі выйсці з акружэння. У снежні 1941 г. група перайшла ў Бялыніцкі раён, у далейшым вырасла ў атрад, які ў ліпені 1942 г. увайшоў у Клічаўскі аператыўны цэнтр як атрад 600‑ы. Дзейнічаў самастойна, з лістапада 1942 г. у партызанскай брыгадзе 6‑й Магілёўскай, з ліпеня 1943 г. у складзе Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групы. Пры разгортванні ў полк сфарміраваны 3 батальёны.

Партызаны самастойна і разам з іншымі атрадамі разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Аксенькавічы (верасень 1942), Падзевічы (кастрычнік 1942), Краснае (красавік 1943) і Свяцілавічы (кастрычнік 1943) Бялыніцкага раёна, Гарадзішча (верасень 1942) і Пашкава (гл. Пашкаўскі бой 1943 г.) Магілёўскага раёна, нанеслі ўдар па гарнізоне ў г. п. Бялынічы (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). У студзені 1944 г. вялі абарончыя баі.

Праводзілі аперацыі на чыгунках Барысаў — Орша, Магілёў — Жлобін, Магілёў — Асіповічы, на шашы Магілёў — Мінск. У жніўні 1943 г. знішчылі ў раёне станцый Тошчыца і Вендрыж 2,5 км чыгуначнага палатна, удзельнічалі ў разбурэнні чыгункі 20 чэрвеня 1944 г. на поўнач ад станцыі Шклоў.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх змагаліся 1 152 партызаны.

Камандзір палка Г. Ф. Меднікаў; камісар В. Ц. Някрасаў; начальнікі штаба: В. Д. Швагрынаў, А. А. Станкевіч.

Партызану палка Л. Д. Лорчанку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.