ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 122-і «ЗА РАДЗІМУ», Магілёўскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКІ ПОЛК 122-і «ЗА РАДЗІМУ»

Дата стварэння: 18.02.2025 09:32:25

Дата змены: 22.09.2025 16:47:34


Партыза́нскі полк 122‑і «За Радзі́му»

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створаны ў кастрычніку 1943 г. на базе атрада 122‑га «За Радзіму».

Атрад «За Радзіму» арганізаваны ў савецкім тыле ў чэрвені 1942 г. з выпускнікоў Асобага беларускага збору, у чэрвені перайшоў лінію фронту, у верасні 1942 г. прыбыў у Бялыніцкі раён, дзе быў уключаны ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра. Са студзеня 1943 г. у складзе партызанскай брыгады 6‑й Магілёўскай, з красавіка 1943 г. — атрад 122‑і «За Радзіму», з ліпеня 1943 г. — у Бялыніцкай ваенна-аператыўнай групе. Перафарміраваны ў полк у складзе трох батальёнаў.

Партызаны праводзілі аперацыі на чыгунках і шашэйных дарогах, наносілі ўдары па варожых гарнізонах, у т. л. у в. Пашкава (Новае Пашкава) Магілёўскага раёна (гл. Пашкаўскі бой 1943 г.), г. п. Бялынічы (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.). Знішчылі 10 верасня 1943 г. шашэйны мост цераз р. Друць, 21 лістапада 1943 г. атакавалі гарнізон у в. Малы Кудзін Бялыніцкага раёна. У маі 1943 г. і студзені 1944 г. вялі баі з карнікамі. Перарэзалі 20 чэрвеня 1944 г. чыгуначны ўчастак Шклоў — Латва, дзе знішчылі больш за 840 рэек.

Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх змагаліся 1 133 партызаны.

Камандзір палка А. I. Ліпскі; камісар М. Ф. Кручынін; начальнікі штаба: П. А. Сікорскі, М. А. Салтаказін.