Дата стварэння: 17.08.2023 13:41:28
Дата змены: 10.11.2025 11:50:07
Васіле́віцкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала на тэрыторыі Васілевіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер тэрыторыя ў складзе Рэчыцкага і Калінкавіцкага раёнаў Гомельскай вобласці) са жніўня 1941 г. да лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Кіраўнікі — Ц. М. Астапенка (загінуў у ліпені 1942), М. С. Белы.
Аб’ядноўвала 5 груп (57 чалавек): дзве ў в. Васілевічы (кіраўнікі — Л. П. Курганская-Сакалова, А. I. Белы); у в. Бабічы (П. А. Астапенка); в. Навінкі (А. Ф. Фралоў); вёсках Хамічы і Гогалеў (С. П. Алісейка).
Падполле трымала сувязь з партызанскімі атрадамі Васілевіцкім і імя К. Я. Варашылава.
Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва прапагандысцкую работу, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, вялі разведку, папярэджвалі партызан і насельніцтва аб карных аперацыях гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, падпалілі мэблевую фабрыку ў в. Бабічы, падарвалі вайсковы эшалон на чыгунцы Калінкавічы — Рэчыца.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі 32 падпольшчыкі: С. П. Алісейка, М. І. Астапенка, Ц. М. Астапенка і Я. А. Астапенка, В. А. Белая, A. I. Белы і А. М. Белы, А. П. Блізнец, М. Д. Варажун, Д. З. Гарбачоў, У. Д. Жалезка, А. I. Жукоўская, Г. М. Журонак, М. I. Капітонава (Маўчан), Л. П. Курганская-Сакалова, М. П. Лаўшук, М. Я. Лобан, I. В. Мілановіч і Л. В. Мілановіч, Г. Я. Мульменка, I. Сопат, Г. Г. Сыч, Б. М. Сячко, М. К. Трафімава, М. А. Уласенка і Ф. Уласенка, К. Ц. Храменка, I. Ф. Шавяленка, I. Ц. Шаўцоў, П. П. Штурма, Я. П. Шульга, В. I. Шчэрская (Белая).
У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлена стэла.