Дата стварэння: 17.08.2023 13:53:32
Дата змены: 11.09.2024 15:14:24
Партыза́нская брыга́да 27‑я Нараўля́нская імя́ С. М. Кі́рава
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Нараўлянскага раёна Палескай вобласці.
Створана 20 кастрычніка 1943 г. загадам па Паўднёва-Прыпяцкім партызанскім злучэнні на базе асобных атрадаў імя С. М. Кірава (арганізаваны ў снежні 1942), імя А. В. Суворава (арганізаваны ў чэрвені 1943) і імя М. В. Фрунзэ (арганізаваны ў кастрычніку 1943). У лістападзе 1943 г. арганізаваны атрад імя С. М. Будзённага.
Партызаны вялі шматлікія баі з праціўнікам, найбольш значныя — 29 жніўня 1943 г. у Мухаедаўскім лесе і 19 верасня 1943 г. пры нападзе на гарнізон у г. п. Нароўля (гл. Нараўлянска-Шчакатаўская аперацыя 1943 г.). Учынялі дыверсіі на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах. Група аўтаматчыкаў на чале з I. I. Бельскім 11 лістапада 1943 г. узарвала на р. Славечна 2 масты стратэгічнага значэння. Партызаны брыгады разам з часцямі 1‑га Украінскага фронту 29–30 лістапада 1943 г. удзельнічалі ў вызваленні Нароўлі, вёсак Верхні і Ніжні Млынок (гл. Нараўлянская аперацыя 1943 г.).
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады імя С. М. Кірава, імя А. В. Суворава, імя М. В. Фрунзэ, імя С. М. Будзённага, у якіх налічвалася 655 партызан.
Камандзір брыгады У. П. Яромаў, камісар П. I. Літоўскі, начальнік штаба У. М. Клейнос.
У гонар брыгады на месцы яе лагера ў лясным урочышчы Папоў Востраў за 6 км на паўночны захад ад в. Кіраў (цяпер аграгарадок у Нараўлянскім pаёне Гомельскай вобласці) у 1945 г. пастаўлены мемарыяльны знак, у 2005 г. адноўлены партызанскія зямлянкі.