Дата стварэння: 17.08.2023 13:54:00
Дата змены: 21.08.2025 11:18:13
Партыза́нская брыга́да «Жалязня́к»
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.
Створана 10 верасня 1943 г. на базе атрада «Жалязняк» (сфарміраваны ў маі 1943 з часткі атрада «Смерць фашызму», у верасні 1943 разгорнутага ў партызанскую брыгаду імя П. К. Панамарэнкі Гомельскай вобласці; асновай атрада «Жалязняк» стала група В. І. Шаруды, арганізаваная ў сакавіку 1942 у Маларыцкім раёне, у маі 1942 ператвораная ў Маларыцкі атрад, які ў верасні 1942 перабазіраваўся на ўсход, у кастрычніку 1942 уліўся ў атрад «Смерць фашызму»). Пры разгортванні атрада ў брыгаду яго роты 6‑я, 7‑я і 9‑я былі пераўтвораны ў атрады 116‑ы, 117‑ы і 119‑ы.
Група В. І. Шаруды ў складзе атрада «Смерць фашызму» ўдзельнічала ў разгроме гарнізонаў у вёсках Мормаль (снежань 1942), Таўстыкі, Верхняя Алба (люты 1943), Радуша (сакавік 1943), паліцэйскіх участкаў у вёсках Лукі і Сцяпы, на станцыі Красны Бераг. У снежні 1942 г., студзені, сакавіку 1943 г. партызаны разам з іншымі атрадамі вялі баі супраць карных экспедыцый каля вёсак Петрыцкае Брагінскага раёна, Лазараўка Рэчыцкага раёна, Пружынішчы Акцябрскага раёна, Прыстань, Антонаўка, Кароткавічы, Майскае Жлобінскага раёна.
Партызаны атрада «Жалязняк» наносілі ўдары на чыгунках Жлобін — Гомель, Жлобін — Калінкавічы, на шашэйных і грунтавых дарогах. У ліпені — жніўні 1943 г. падарвалі або пашкодзілі 11 мастоў, 56 аўтамашын, разграмілі 5 варожых апорных пунктаў. Разам з партызанскім атрадам 108‑м імя Р. І. Катоўскага ў жніўні 1943 г. разграмілі гарнізон у в. Замен-Рыння Жлобінскага pаёна. У жніўні і верасні 1943 г. падарвалі больш за 1,5 тыс. рэек. У баях захапілі 22 кулямёты, 4 мінамёты, каля 150 вінтовак.
У кастрычніку 1943 г. брыгада абараняла партызанскую зону ў межах пас. Задзярэеўка (Задзірэеўка), вёсак Шолкавічы (Шоўкавічы), Чарнейкі і Сведскае Васілевіцкага раёна. У лістападзе 1943 г. пры падыходзе часцей Чырвонай арміі партызаны разам з брыгадай імя П. К. Панамарэнкі і атрадам 108‑м імя Р. І. Катоўскага перарэзалі дарогу Горваль — Шацілкі, напалі на апорны пункт у в. Горваль, захапілі больш за 100 аўтамашын (гл. Горвальская аперацыя 1943 г.)
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 25 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады 116‑ы, 117‑ы, 119‑ы, у якіх змагаліся 964 партызаны.
Камандзір брыгады В. I. Шаруда, камісар Г. В. Злынаў, начальнік штаба Р. П. Завадоўкін.