pdf

ГОРВАЛЬСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1943 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:22:43

Дата змены: 11.09.2024 15:01:48

Го́рвальская апера́цыя 1943 г.

Разгром партызанскай брыгадай «Жалязняк», партызанскай брыгадай імя П. К. Панамарэнкі і партызанскім атрадам 108‑м імя Р. I. Катоўскага нямецка-фашысцкіх часцей у в. Горваль Рэчыцкага раёна 19 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. пад ударамі 48‑й і 65‑й армій Беларускага фронту нямецка-фашысцкія войскі пачалі спешна адступаць у напрамку Бабруйска. Камандаванне Беларускага фронту паставіла партызанам задачу 16 лістапада перакрыць дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі і не прапусціць па ёй гітлераўскія часці, што адступалі.

Партызаны замініравалі дарогі, нападалі, выкарыстоўваючы тактыку засад, у выніку чаго праціўнік не змог прабіцца з Горваля на Шацілкі. Больш за суткі партызаны вялі бязлітасны бой з праціўнікам, які меў на ўзбраенні танкі, бронемашыны і артылерыю. Гітлераўцы пацярпелі вялікія страты ў жывой сіле, пакінулі больш за 25 аўтамашын і, вярнуўшыся ў Горваль, пачалі наспех наводзіць пераправу цераз р. Бярэзіна, каб на яе левым беразе злучыцца з гомельскай групоўкай. Атрымаўшы загад разграміць праціўніка, партызаны 19 лістапада ўварваліся ў Горваль, імклівай атакай прыціснулі гітлераўцаў да ракі. У паніцы фашысты ўплаў кінуліся цераз раку, але нямногім з іх удалося дасягнуць берага.

У гэтым баі партызаны знішчылі больш за 150 салдат і афіцэраў, захапілі ўсю тэхніку ворага, у т. л. 110 аўтамашын, гружаных боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пераправіцца цераз Бярэзіну і зноў захапіць Горваль, але партызаны ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу пяці сутак да падыходу часцей Чырвонай арміі.

У Горвалі ў памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1977 г. пастаўлены абеліск.