ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НАРОДНЫЯ МСЦІЎЦЫ» ІМЯ В. Т. ВАРАНЯНСКАГА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НАРОДНЫЯ МСЦІЎЦЫ» ІМЯ В. Т. ВАРАНЯНСКАГА

Дата стварэння: 17.08.2023 13:54:22

Дата змены: 02.06.2025 10:08:20


ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НАРОДНЫЯ МСЦІЎЦЫ» ІМЯ В. Т. ВАРАНЯНСКАГА, Мінскай вобласці

Камандны састаў партызанскіх брыгад «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага (камандзір брыгады Г. Ф. Пакроўскі сядзіць другі злева, камісар М. І. Перапечка стаіць першы справа) і 161-й імя Р. І. Катоўскага. 1944 г.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «НАРОДНЫЯ МСЦІЎЦЫ» ІМЯ В. Т. ВАРАНЯНСКАГА, Мінскай вобласці

Партызанкі атрада імя А. В. Суворава брыгады «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага А. К. Піваварчык, Т. Я. Капусцінская, Л. Ф. Густарнік і Н. А. Драздовіч — удзельніцы партызанскага парада 16 ліпеня 1944 г.

Партыза́нская брыга́да «Наро́дныя мсці́ўцы» імя́ В. Т. Вараня́нскага

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Лагойскага і Плешчаніцкага раёнаў Мінскай вобласці.

Першапачаткова называлася партызанскай брыгадай «Дзядзькі Васі» (Васіля Варанянскага), з 1 чэрвеня 1943 г. мела назву «Народныя мсціўцы», 9 студзеня 1944 г. брыгадзе прысвоена імя загінулага камандзіра.

Створана ў верасні 1942 г. па рашэнні каманднага саставу асобных атрадаў і прадстаўнікоў Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б на базе атрадаў «Мсцівец» (арганізаваны ў лютым 1942) і «Барацьба» (арганізаваны ў верасні 1941). У снежні 1942 г. арганізаваны атрад імя Р. І. Катоўскага, у лютым 1943 г. — атрад імя А. В. Суворава, у кастрычніку 1943 г. — атрад імя П. К. Панамарэнкі.

Баявыя аперацыі партызаны праводзілі на чыгуначных лініях і аўтадарогах Мінск — Вільнюс, Маладзечна — Полацк, Мінск — Лепель і інш. Падарвалі больш за 3 тыс. рэек, 148 мастоў на шашы і 3 на чыгунцы. Нападалі на варожыя гарнізоны ў Мядзелі, Плешчаніцах (гл. Плешчаніцкая аперацыя 1943 г.), Ільі, у вёсках Альковічы, Касцяневічы (гл. Касцяневіцкі бой 1944 г.), на чыгуначнай станцыі Куранец і інш.

У ліпені 1942 г. атрады «Мсцівец», «Барацьба», партызанскі атрад «Мясцовыя» і іншыя разграмілі батальён ворага каля в. Валенцінова (гл. Валенціноўскі бой 1942 г.). У маі — чэрвені 1943 г. партызаны брыгады вялі баі супраць фашыстаў, якія праводзілі карную аперацыю «Котбус». Разам з часцямі Чырвонай арміі 30 чэрвеня 1944 г. разграмілі нямецкі батальён.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Мсцівец», «Барацьба», імя Р. І. Катоўскага, імя А. В. Суворава, імя П. К. Панамарэнкі, у якіх налічвалася 1 475 партызан. Удзельнічала ў вызваленні ад нямецка-фашысцкіх акупантаў гарадоў Вілейка, Маладзечна, Смаргонь, у ліквідацыі варожых падраздзяленняў. Прымала ўдзел у партызанскім парадзе ў Мінску 16 ліпеня 1944 г.

Камандзіры брыгады: В. Т. Варанянскі (загінуў), В. В. Сямёнаў, Г. Ф. Пакроўскі; камісары: Л. С. Лапін, М. X. Краснёнкаў (выконваў абавязкі), В. В. Сямёнаў, Ф. С. Кузняцоў, М. I. Перапечка; начальнікі штаба: П. А. Сярогін, Д. I. Копанеў, В. І. Яськоў.

Камандзіру брыгады Г. Ф. Пакроўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады ў в. Хадакі Лагойскага раёна ў 1971 г. пастаўлены помнік, у г. Смаргонь — мемарыяльная дошка.