pdf

«РЭГАТА»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:01:04

Дата змены: 11.09.2024 16:03:56


«Рэга́та» («Regatta»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскай брыгады «Звязда», двух атрадаў партызанскай брыгады «Чэкіст» і мясцовага насельніцтва ў Горацкім і Дрыбінскім раёнах Магілёўскай вобласці 4–7 кастрычніка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася 36‑м ахоўным палком, ciламі вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі ў Цэнтральнай Расіі і Беларусі, у т. л. батальёнам 14‑га паліцэйскага палка, мінамётнымі, танкавымі ротамі, ротай сувязі, паліцэйскім батальёнам «Поўнач», асобым батальёнам СС О. Дырлевангера, спецыяльнымі сапёрнымі падраздзяленнямі.

Карнікі блакіравалі ўсе лясныя масівы і населеныя пункты на захад ад в. Дрыбін і на паўночны захад ад г. Горкі. Партызанам і частцы мясцовых жыхароў удалося вырвацца з блакады.

Гітлераўцы загубілі шмат жыхароў, разрабавалі і спалілі вёскі, забралі жывёлу. У вёсках Добрая, Машкова, Рэкатка Горацкага раёна імі былі пакінуты паліцэйскія падраздзяленні.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Карательные акции в Беларуси: посвящается 65‑летию освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков / сост.: В. Я. Герасимов, С. М. Гайдук, И. Н. Кулан. – Минск: «ОДО» Сталия, 2008.

  3. Геноцид белорусского народа. Карательные операции: в 2 ч. / Редкол.: под общ. ред. А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2023–2024.