Дата стварэння: 17.08.2023 14:05:31
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Хо́цемля — Аргуны́» («Chozemlja — Arguny»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх атрадаў 6‑га «Марак» і 8‑га імя М. Н. Селіваненкі партызанскай брыгады «Аляксея» (гл. Партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава), спецыяльнай групы Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) пад камандаваннем В. Д. Сазонава і мясцовага насельніцтва ў Суражскім, Лёзненскім і Віцебскім раёнах Віцебскай вобласці 3 кастрычніка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Назва ад вёсак Хоцемля і Аргуны Лёзненскага раёна.
Праводзілася падраздзяленнямі 237‑га ахоўнага батальёна, 13‑га паліцэйскага палка СС з прыдадзенымі ім процітанкавымі і мінамётнымі батарэямі на чале з камендантам г. Смаленск (Расія). Паводле плана штаба тылу групы армій «Цэнтр» аперацыя «Хоцемля — Аргуны» разам з карнай аперацыяй «Маланка» павінна была ачысціць ад партызан перадполле чыгункі Полацк — Смаленск.
Раптоўнай атакай з поўначы і поўдня карнікі паспрабавалі ўварвацца ў партызанскі лагер. Цяжкі бой ішоў 6 гадзін. Сілы праціўніка ў 4 разы перавышалі сілы партызан. Народныя мсціўцы пакінулі свае пазіцыі і з боем адышлі на паўночны захад. Не дасягнуўшы поспеху, карнікі падпалілі в. Хоцемля, загубілі 190 яе жыхароў, у т. л. каля 60 чалавек (жанчын і дзяцей) спалілі ў хатах, у в. Кавалёва Лёзненскага pаёна спалілі 52 двары і расстралялі 40 жыхароў.