pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 3‑я БЯРЭЗІНСКАЯ

Дата стварэння: 01.03.2023 15:32:24

Дата змены: 11.09.2024 14:50:24

Партыза́нская брыга́да 3‑я Бярэ́зінская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярэзінскага, Бялыніцкага раёнаў Магілёўскай вобласці і Барысаўскага раёна Мінскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра ў складзе атрадаў 345‑га, 128‑га, 130‑га, 120‑га, у сакавіку 1943 г. у брыгадзе арганізаваны 340‑ы атрад. Са снежня 1942 г. атрад 120‑ы дзейнічаў як асобны і падначалены непасрэдна Клічаўскаму аператыўнаму цэнтру, у красавіку 1943 г. вернуты ў склад брыгады. У красавіку 1943 г. на базе атрада 128‑га, вылучанага з брыгады, створана партызанская брыгада 14‑я Цемналеская.

Партызаны брыгады 13 красавіка 1943 г. разграмілі гарнізон ворага ў в. Журавок Бярэзінскага раёна (гл. Бялыніцкія аперацыі 1943 г.), у маі вялі абарончыя баі.

Брыгада расфарміравана 20 мая 1943 г. пастановай Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, атрады 120‑ы, 130‑ы, 340‑ы, 345‑ы перададзены ў падпарадкаванне Магілёўскай ваенна-аператыўнай групе (абласной), дзейнічалі як асобныя. Колькасць партызан у брыгадзе на момант расфарміравання не вызначана.

Камандзір брыгады С. А. Яроцкі, камісар М. Ф. Спяранскі, начальнік штаба Г. I. Георгіеўскі.