Дата стварэння: 01.03.2023 15:42:22
Дата змены: 11.09.2024 14:50:24
Партыза́нская брыга́да 101‑я Дама́навіцкая
Дзейнічала ў час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Даманавіцкага і Васілевіцкага раёнаў Палескай вобласці.
Створана 1 чэрвеня 1943 г. у адпаведнасці з загадам штаба Палескага партызанскага злучэння на базе Даманавіцкага атрада, арганізаванага ў маі 1942 г. Пры фарміраванні брыгады роты 1‑я, 2‑я і 3‑я рэарганізаваны ў атрады «За Радзіму», «Мсцівец» і імя В. І. Чапаева; 26 верасня 1943 г. арганізаваны атрад «Смерць фашызму».
Партызаны ў красавіку — ліпені 1943 г. вялі аперацыі па разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Даманавічы, Каплічы і Савічы; разам з брыгадамі Васілевіцкай імя П. К. Панамарэнкі і 99‑й Калінкавіцкай 23 жніўня разграмілі варожы гарнізон ва ўрочышчы Ведрыч (гл. Ведрыцкі бой 1943 г.). На чыгунцы 26 жніўня вывелі са строю ўчастак Галявіцы — Калінкавічы, знішчылі 2 масты на ўчастку Жлобін — Калінкавічы. У верасні каля вёсак Бабровічы і Хутар вялі баі з карнікамі, 3 і 7 кастрычніка збілі 2 варожыя самалёты. У ноч на 18 лістапада разам з часцямі Чырвонай арміі вызвалілі в. Васілевічы. Навялі 26–29 лістапада пераправы цераз балоты, што спрыяла паспяховаму наступленню савецкіх войск.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 18 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады «За Радзіму», «Мсцівец», імя В. І. Чапаева, «Смерць фашызму», у якіх змагаліся 743 партызаны.
Камандзіры брыгады: М. А. Чарнавусаў, В. М. Мінін; камісар М. Я. Казлоў; начальнікі штаба: В. М. Мінін, М. Р. Салавей.
У гонар брыгады ў в. Халоднікі Калінкавіцкага pаёна і ў гонар камісара Даманавіцкага атрада Н. М. Дзенісовіч у в. Даманавічы (цяпер аграгарадок) Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў 1975 г. устаноўлены мемарыяльныя дошкі.