Дата стварэння: 01.03.2023 15:50:43
Дата змены: 20.06.2025 10:58:10
Партыза́нскі атра́д імя́ М. А. Шчо́рса
Дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну на акупіраванай тэрыторыі Бярозаўскага, Дзівінскага, Косаўскага, Ружанскага, Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці; Ганцавіцкага, Драгічынскага, Ленінскага раёнаў Пінскай вобласці; Быценскага і Слонімскага раёнаў Баранавіцкай вобласці і Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
Створаны ў маі 1942 г. на аснове груп, якія дзейнічалі з ліпеня 1941 г.: у Быценскім раёне (А. У. Фідрыка, Р. А. Дудко), у Косаўскім і Слонімскім раёнах (П. В. Пранягіна, Федаровіча, [Ф.] Казанцава, [М.] Вазнясенскага, А. Л. Лявонцьева).
Партызаны знішчылі 12 вузлоў сувязі праціўніка, 10 прамысловых прадпрыемстваў, складоў, разграмілі 17 гарнізонаў, паліцэйскіх участкаў і ўпраў, у т. л. у ноч на 3 жніўня 1942 г. разам з двума іншымі атрадамі гарнізон у г. Косава (гл. Косаўскі бой 1942 г.), 1 верасня 1942 у в. Чамялы́ знішчылі камендатуру, ахову моста (50 чалавек), спалілі мост цераз р. Шчара. Атрад правёў 11 верасня 1942 г. 10‑гадзінны бой у акружэнні паміж в. Вяда і Сямычынскімі (?) хутарамі Быценскага pаёна, выйшаў з акружэння, правёў бой на 10‑м шлюзе Агінскага канала (знішчыў каля 100 нямецкіх салдат; гл. Агінскі бой 1942 г.), у канцы снежня 1942 г. зрабіў напад на варожы гарнізон у г. Старыя Дарогі.
На чыгунцы Брэст — Баранавічы, Брэст — Лунінец, Брэст — Ковель партызаны падарвалі 127 паяздоў, 1062 рэйкі, на чыгунках і аўтадарогах — 33 масты. З асабовага саставу атрада дадаткова створаны атрады «Савецкая Беларусь» (гл. у арт. Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі Брэсцкай вобласці) і асобныя партызанскія атрады імя С. М. Будзённага і імя Р. І. Катоўскага Брэсцкай вобласці.
Атрад (340 партызан) 31 сакавіка 1944 г. фарсіраваў р. Прыпяць каля в. Шчаціна (?) Ратнаўскага раёна (Валынская вобласць Украіны) на ўчастку наступлення 160‑й стралковай дывізіі 70‑й арміі і з 5 па 20 красавіка ў яе паласе вёў баявыя дзеянні.
Расфарміраваны 27 красавіка 1944 г.
Камандзіры: П. В. Пранягін, М. П. Канавалаў, В. Ф. Гужэўскі; камісары: Р. А. Дудко, П. Р. Кавалёў, А. С. Авецісян (выконваў абавязкі), С. С. Жарыкаў, С. Я. Ягораў, Р. Я. Рэва, В. А. Несцярэнка; начальнікі штаба: К. Е. Мерзлякоў, В. Ф. Гужэўскі, Д. Я. Зуеў.