Дата стварэння: 24.10.2023 09:03:21
Дата змены: 11.09.2024 16:09:03
«Барацьба́»
Газета, орган Слонімскага антыфашысцкага камітэта Баранавіцкай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Выдавалася ў 1944 г. у партызанскім атрадзе імя Ф. Э. Дзяржынскага партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага (лес «Воўчыя норы» на поўдні Слонімшчыны) разам з газетамі «Вольная праца» і «За Родину» [орган Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)Б]. Вядомы 2 нумары на беларускай мове за 1944 г.: № 1 за 19 чэрвеня і № 2 за 28 чэрвеня. Рэдактар І. Д. Міско (паэт А. Іверс).
Газета інфармавала аб здзеках нямецкіх акупантаў з мірнага насельніцтва, заклікала жыхароў Слонімшчыны да змагання, пісала пра становішча на франтах, падавала інфармацыю аб адкрыцці саюзнікамі другога фронту.