pdf

ГРОДЗЕНСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:17:40

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


Гро́дзенскае парты́йнa-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Гродна Беластоцкай вобласці (цяпер цэнтр Гродзенскай вобласці), пад кіраўніцтвам Беластоцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б (з ліпеня 1943).

Аб’ядноўвала больш за 60 падпольшчыкаў, 6 груп: былых ваеннаслужачых і савецкіх работнікаў (кіраўнік камуніст М. А. Волкаў); рабочых мясакамбіната (В. Д. Разанаў); рабочых аўтарамонтных майстэрняў, шклозавода, гарпаліўзбыту (С. П. Лямаў); 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо станцыі Гродна (кіраўнікі — камуніст М. Н. Багатыроў, С. Ф. Панасюк, Г. I. Святлічны); у іх стварэнні актыўны ўдзел прымалі камуністы I. У. Марцуль, Н. Я. Харашылаў, М. I. Цуканаў.

Падполле працавала ў цесным кантакце з камандаваннем партызанскай брыгады імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай вобласці, партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага Беластоцкай вобласці, са спецгрупамі Чырвонай арміі. Значная роля ў актывізацыі Гродзенскага падполля належыць Гродзенскаму падпольнаму гаркаму ЛКСМБ, які пачаў дзейнічаць у лістападзе 1943 г.

Падпольная група былых ваеннаслужачых створана ў жніўні 1941 г., дапамагала байцам і камандзірам Чырвонай арміі, якія трапілі ў палон. Яна наладзіла сувязь з мясцовымі антыфашыстамі, у т. л. з А. М. Леўта, А. В. Бараноўскім, К. Г. Васілюком, былымі членамі КСМЗБ, прафсаюзнымі актывістамі, якія мелі вопыт падпольнай барацьбы і канспірацыі ва ўмовах буржуазнай Польшчы, і пачала працаваць сумесна з імі. Падпольшчык Я. Ф. Карпюк рэгулярна слухаў па радыёпрыёмніку зводкі Саўінфармбюро, запісваў і распаўсюджваў іх сярод жыхароў горада. Вялікую дапамогу параненым чырвонаармейцам аказвалі члены групы В. Д. Разанава.

Актыўную дыверсійную дзейнасць вялі падпольшчыкі-чыгуначнікі. М. Н. Багатыроў 17 ліпеня 1941 г. арганізаваў крушэнне двух сустрэчных цягнікоў на станцыі Гродна, 12 снежня 1941 г. ён вывеў са строю паравоз і 10 вагонаў. Ініцыятарамі сабатажу мерапрыемстваў акупантаў у чыгуначным дэпо станцыі Гродна былі Г. І. Святлічны і К. I. Гудоўскі. Большасць «адрамантаваных» імі паравозаў выходзілі са строю неўзабаве пасля адпраўкі ў рэйс. Чыгуначнікі групы С. Ф. Панасюка закладвалі ў тэндары паравозаў толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль. Парушаючы правілы эксплуатацыі, яны вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарвалі 2 эшалоны, у чэрвені 1944 г. спалілі аддзяленне па перавозцы воінскай пошты і знішчылі воданапорную калонку на станцыі Гродна. Дыверсіі ажыццяўлялі машыніст лакаматыва Б. К. Ярашэвіч, рабочыя Д. I. Салаўёў і Л. С. Балакін.

Падпольшчыкі групы С. П. Лямава ў 1943 г. вывелі са строю каля 150 аўтамашын, 6 электраматораў, электразварачны апарат, іншае абсталяванне аўтарамонтных майстэрняў.

Патрыёты аказвалі вялікую дапамогу партызанскім атрадам і брыгадам, якія дзейнічалі ў раёне Гродна. У верасні 1943 г. група В. Д. Разанава вывела з Гродна ў партызаны 25 савецкіх патрыётаў. Падпольшчыкі аўтарамонтных майстэрняў і мясакамбіната перадалі партызанам шмат зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў, перавязачных сродкаў, адзення. Збіралі і рэгулярна перадавалі партызанам і спецгрупам разведданыя аб праціўніку, выяўлялі варожую агентуру, распаўсюджвалі сярод насельніцтва савецкія лістоўкі, газеты. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі камсамольцы Ю. В. Балячынаў, М. С. Галубовіч, М. А. Навадскі і інш.

У барацьбе з акупантамі загінулі: М. А. Волкаў, М. А. Быкаў, Г. В. Васілюк, В. В. Волкава (Шапашнікава), I. М. Завіша, Р. Хораў, В. Д. Разанаў, С. В. Будрык, М. С. Галубовіч, М. М. Цішанаў, Д. К. Браско, Н. Я. Харашылаў, М. I. Цуканаў.


Літаратура
  1. Гродно: энциклопедический справочник / Редкол.: И. П. Шамякин (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская советская энциклопедия имени Петруся Бровки, 1989.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.

  4. Верхась У. П. Гродненщина в годы Великой Отечественной войны (1941–1944 гг.) / У. П. Верхась, В. А. Неделько. – Гродно: Гродненский государственный аграрный университет, 2004.