Дата стварэння: 24.10.2023 09:34:37
Дата змены: 11.09.2024 14:53:38
Краснапо́льскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала з красавіка 1942 г. да верасня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці пад кіраўніцтвам Краснапольскага падпольнага райкама КП(б)Б (са жніўня 1943).
Налічвала 18 падпольшчыкаў — жыхароў г. п. Краснаполле, вёсак Турэйск, Маластоўка, Вялікія Хутары, былых ваеннаслужачых. Патрыёты мелі цесныя сувязі з партызанскім атрадам 41‑м і партызанскай брыгадай 47‑й «Перамога». Узначальваў падполле камандзір Чырвонай арміі камуніст С. П. Паршын, пакінуты партыйнымі органамі для арганізацыі падпольнай барацьбы на тэрыторыі раёна. Явачнай кватэрай з’яўлялася гадзіннікавая майстэрня ў Краснаполлі, дзе працаваў С. П. Паршын.
Па заданні партызан падпольшчыкі М. А. Епішаў і М. С. Вішнякоў былі накіраваны на службу ў паліцыю. У лістападзе 1942 г. яны знішчылі тэлефонную сувязь у паліцыі і камендатуры, раскідалі лістоўкі, якія друкаваліся падпольшчыкамі з лета 1942 г. на пішучай машынцы.
Камсамолец I. П. Галярка працаваў тэхнікам на мясцовым радыёвузле, слухаў зводкі Саўінфармбюро і перадаваў іх змест падпольшчыкам. У дзень 25‑й гадавіны Вялікага Кастрычніка, 7 лістапада 1942 г., ён настроіў апаратуру радыёвузла на Маскву і ўключыў у трансляцыйную сетку. Акупанты арыштавалі патрыёта і 7 студзеня 1943 г. павесілі ў в. Выдранка.
Падпольшчыкі перадавалі партызанам разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты.