Дата стварэння: 02.11.2023 16:38:29
Дата змены: 19.06.2024 10:37:36
Партыза́нская брыга́да 47‑я «Перамо́га» (партыза́нскі атра́д 47‑ы «Перамо́га»)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці.
У чэрвені 1942 г. рашэннем ЦК КП(б)Б са слухачоў першага выпуску Асобага Беларускага збору ў г. Мурам Іванаўскай (са жніўня 1944 Уладзімірскай) вобласці РСФСР у ліку 12 іншых атрадаў створаны атрад «Перамога» і закінуты ў варожы тыл у Магілёўскую вобласць. У жніўні 1942 г. ён прыбыў у Горацкі раён, у кастрычніку 1942 г. перадыслацыраваны ў Прапойскі, потым у Краснапольскі раёны, дзейнічаў у групе партызанскіх атрадаў М. М. Іванова, з сакавіка 1943 г. зноў самастойна, са жніўня — у Краснапольскай ваенна-аператыўнай групе.
Асноўныя ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях Горкі — Крычаў, Крычаў — Клімавічы, Жлобін — Гомель. У жніўні — верасні 1942 г. падарвалі 6 эшалонаў, знішчылі 5 аўтамашын. У жніўні 1943 г. падарвалі больш за 480 рэек. У верасні 1943 г. узаемадзейнічалі з часцямі Чырвонай арміі, якія наступалі, разам з імі 1 кастрычніка 1943 г. перарэзалі адыход ворагу за р. Сож.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 1 кастрычніка 1943 г., на той момант у ім змагаліся 554 партызаны. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 47‑ы атрад як брыгаду з сакавіка 1943 г.
Камандзіры: М. Ц. Перапечкін, Ф. П. Ліпкін (выконваў абавязкі); камісары: В. К. Арлоўскі, X. Калімулін; начальнікі штаба: А. У. Гаркавенка, А. М. Лосеў.