Дата стварэння: 21.12.2023 10:34:23
Дата змены: 05.03.2025 09:11:28
Партыза́нская брыга́да 161‑я імя́ Р. I. Като́ўскага
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, Глускага раёна Палескай вобласці і Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
Створана ў студзені 1943 г. загадам штаба партызанскага злучэння Мінскай і Палескай абласцей на базе атрадаў: А. С. Шашуры (пазней імя А. Я. Пархоменкі, арганізаваны ў красавіку 1942), Ф. М. Анісімава (пазней імя Ф. Э. Дзяржынскага, арганізаваны ў сакавіку 1942 на базе асобных груп, якія дзейнічалі ў Асіповіцкім і Глускім раёнах з ліпеня — жніўня 1941), імя Чалюскінцаў (арганізаваны ў красавіку 1942, з красавіка 1944 — імя А. С. Шашуры; названы ў гонар камандзіра брыгады, які загінуў у баі). У сакавіку 1943 г. арганізаваны атрад імя В. М. Молатава, у маі 1943 г. — атрад імя С. М. Кірава. У красавіку 1944 г. у склад брыгады ўключаны асобны атрад імя К. Я. Варашылава (арганізаваны ў снежні 1943).
Партызаны праводзілі аперацыі на чыгунках і аўтадарогах Мінск — Бабруйск, Асіповічы — Слуцк; у аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі больш за 3 тыс. рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны на торфапрадпрыемстве «Ясень», чыгуначнай станцыі Дзераўцы, у в. Мяжное Асіповіцкага pаёна. Удзельнічалі ў падрыве чыгуначнага моста цераз р. Бобрык (гл. Бобрыцкая аперацыя 1942 г.). Разам з партызанскай брыгадай 100‑й імя С. М. Кірава, партызанскай брыгадай 258‑й імя В. У. Куйбышава, партызанскай брыгадай 121‑й імя А. Ф. Брагіна 27–28 чэрвеня 1944 г. захапілі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі пераправу цераз р. Пціч.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя А. Я. Пархоменкі, імя А. С. Шашуры, імя В. М. Молатава, імя С. М. Кірава, імя К. Я. Варашылава, у якіх налічвалася 938 партызан. Ужо пасля злучэння, 5–16 ліпеня 1944 г. брыгада ўдзельнічала ў ліквідацыі асобных груп ворага на вызваленай тэрыторыі Старадарожскага раёна.
Камандзіры брыгады: А. С. Шашура (загінуў), А. I. Кудашаў; камісары: А. І. Кудашаў, П. I. Разувакін (загінуў), М. С. Паланейчык; начальнік штаба В. Р. Лабзін.