Дата стварэння: 21.12.2023 10:35:59
Дата змены: 12.11.2024 09:29:02
Партыза́нская брыга́да 258‑я імя́ В. У. Ку́йбышава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Любанскага, Старобінскага і Старадарожскага раёнаў Мінскай вобласці, Глускага і Акцябрскага раёнаў Палескай вобласці.
Створана ў снежні 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння на базе атрадаў: імя В. І. Чапаева (арганізаваны ў снежні 1941), імя А. М. Труцікава (арганізаваны ў чэрвені 1943; названы ў гонар старшыні калгаса, камуніста з 1917 А. М. Труцікава, які быў забіты гітлераўцамі), імя С. М. Будзённага (арганізаваны ў верасні 1943).
Партызаны ўдзельнічалі ў знішчэнні чыгуначных мастоў цераз рэкі Пціч і Бобрык (гл. Пціцкая аперацыя 1942 г., Бобрыцкая аперацыя 1942 г.), у жніўні 1943 г. — у масавым разбурэнні чыгуначнага палатна, у 1943 г. папсавалі 12,4 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі.
Партызаны брыгады ў студзені, сакавіку і красавіку 1944 г. вялі баі з карнікамі. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Даколь, Клетнае, Малінава, Касарычы Глускага раёна, Харомцы Акцябрскага раёна, Сінягова Старадарожскага раёна. Разам з партызанскай брыгадай 100‑й імя С. М. Кірава, партызанскай брыгадай 161‑й імя Р. І. Катоўскага і партызанскай брыгадай 121‑й імя А. Ф. Брагіна 27–28 чэрвеня 1944 г. захапілі і ўтрымлівалі да падыходу Чырвонай арміі пераправу цераз Пціч.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 28 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя А. М. Труцікава, імя С. М. Будзённага, у якіх налічвалася 287 партызан.
Камандзір брыгады Г. М. Сталяроў; камісар В. I. Смірноў; начальнікі штаба: В. П. Волгаў, В. С. Дунаеў.
У гонар брыгады ў в. Азярное Любанскага pаёна Мінскай вобласці ў 1967 г. пастаўлены помнік.