Дата стварэння: 21.12.2023 10:35:39
Дата змены: 11.09.2024 14:39:57
Партыза́нская брыга́да 121‑я імя́ А. Ф. Бра́гіна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Любанскага і Старобінскага раёнаў Мінскай вобласці, Акцябрскага, Глускага, Капаткевіцкага і Петрыкаўскага раёнаў Палескай вобласці.
Створана 9 кастрычніка 1943 г. загадам штаба Мінскага партызанскага злучэння з асобных атрадаў імя М. Ф. Гастэлы (арганізаваны ў чэрвені 1942 у савецкім тыле і накіраваны на акупіраваную тэрыторыю Мінскай вобласці), імя Дзяніса Давыдава (арганізаваны ў ліпені 1943), імя І. В. Сыцько (арганізаваны 10.7.1943; у жніўні 1943 прысвоена імя I. В. Сыцько, камісара атрада імя Я. Д. Гарбачова партызанскай брыгады 25‑й імя П. К. Панамарэнкі, загінуў у баі 18.7.1943), новаўтвораных атрадаў імя К. С. Заслонава, імя І. В. Панфілава і кавалерыйскага эскадрона імя Л. М. Даватара (арганізаваны на базе ўзвода коннай разведкі штаба Мінскага злучэння). Названа ў гонар А. Ф. Брагіна, сакратара Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б, які загінуў у верасні 1941 г.
Партызаны праводзілі аперацыі на варожых камунікацыях. Атрад імя М. Ф. Гастэлы ўдзельнічаў у падрыве чыгуначных мастоў цераз рэкі Пціч і Бобрык (лістапад і снежань 1942; гл. Пціцкая аперацыя 1942 г. і Бобрыцкая аперацыя 1942 г.), у разгроме варожага гарнізона ў в. Ламавічы Акцябрскага раёна (гл. Ламавіцкі бой 1942 г.). У верасні 1942 — студзені 1943 г. падарвалі 12 эшалонаў, разбурылі 10 км чыгуначнага палатна. На чыгуначным участку Капцэвічы — Мікашэвічы падарвалі больш за 700 рэек. Разам з брыгадамі 100‑й імя С. М. Кірава, 258‑й імя В. У. Куйбышава, 161‑й імя Р. І. Катоўскага 27–28 чэрвеня 1944 г. захапілі і ўтрымлівалі да падыходу савецкіх войск пераправу цераз Пціч.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя М. Ф. Гастэлы, імя К. С. Заслонава, імя I. В. Панфілава, імя Дзяніса Давыдава, імя І. В. Сыцько, кавалерыйскі эскадрон імя Л. М. Даватара, у якіх налічвалася 527 партызан.
Камандзір брыгады К. Ф. Пушчын, камісар В. М. Якіменка, начальнік штаба М. П. Шардыка.
У гонар брыгады ў пас. Дварэц Любанскага pаёна Мінскай вобласці ў 1976 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.