pdf

АЗАРЫЦКІЯ ЛАГЕРЫ СМЕРЦІ

Дата стварэння: 21.12.2023 10:36:44

Дата змены: 10.11.2025 11:50:08


АЗАРЫЦКІЯ ЛАГЕРЫ СМЕРЦІ

Фрагмент мемарыяльнага комплексу «Азарычы» на месцы аднаго з Азарыцкіх лагераў смерці каля гарадскога пасёлка Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

АЗАРЫЦКІЯ ЛАГЕРЫ СМЕРЦІ

Целы дзяцей і жанчыны, закатаваных нямецкімі акупантамі ў адным з Азарыцкіх лагераў смерці.

АЗАРЫЦКІЯ ЛАГЕРЫ СМЕРЦІ

Выгляд нацысцкага лагера смерці каля вёскі Азырычы (цяпер гарадскі пасёлак у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці). Сакавік 1944 г.

Аза́рыцкія ла́геры сме́рці

Агульная назва шэрагу месцаў зняволення і масавага знішчэння мірнага грамадзянскага насельніцтва нямецка-фашысцкай арміяй каля свайго пярэдняга краю абароны недалёка ад в. Азарычы (на той час цэнтр Даманавіцкага раёна Палескай вобласці) у сакавіку 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Лагеры вызначаліся асабліва жорсткім і згубным рэжымам трымання людзей. У гістарычнай літаратуры за ўсім комплексам Азарыцкіх лагераў смерці замацаваліся назвы «Азарыцкі лагер смерці», «Лагер смерці “Азарычы”».

Камандаванне 9‑й арміі (генерал танкавых войск Ё. Харпе) групы армій «Цэнтр» планавала пазбавіцца ад непрацаздольнага грамадзянскага насельніцтва ў прыфрантавой паласе (мясцовыя жыхары і людзі, сагнаныя немцамі з іншых абласцей), а таксама ад тыфозных хворых, «перадаўшы» іх Чырвонай арміі шляхам «выраўноўвання лініі фронту», г. зн. запланаванага адыходу на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. Безабаронныя людзі павінны былі стаць жывым шчытом для прыкрыцця адступлення нямецкіх войск і адначасова біялагічнай зброяй у разліку на тое, што чырвонаармейцы пры кантакце з імі заразяцца тыфам. Нямецкае камандаванне, пазбавіўшыся ад непрацаздольнага насельніцтва прыфрантавой паласы, выкарыстоўвала вызваленыя памяшканні для размяшчэння сваіх салдат, а таксама харчаванне, якое раней выдзялялася для сагнаных з іншых мясцовасцей савецкіх людзей.

Былі створаны тры асноўныя і шэраг невялікіх перасыльных лагераў. Яны размяшчаліся ў маладаступных, неспрыяльных для жыцця месцах. Першы лагер займаў участак забалочанага рэдкалесся (200 × 400 м) за 1 км на захад ад в. Дзерць (у 1966 злучылася з в. Юркі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці). Другі (600 × 350 м) знахозіўся ў падобным месцы за 2 км на паўночны захад ад Азарычаў у непасрэднай блізкасці ад нямецкага пярэдняга краю (Азарычы былі вызвалены Чырвонай арміяй яшчэ 20 студзеня 1944). Трэці лагер (350 × 600 м) размяшчаўся на балоце за 2 км на захад ад в. Падасіннік (цяпер не існуе, знаходзілася на тэрыторыі сучаснага Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці). Лагеры ўяўлялі нічым не абсталяваныя, без пабудоў тэрыторыі, абнесеныя калючым дротам, з вышкамі вартаўнікоў па вуглах.

Збор і адпраўка людзей у лагеры пачаліся ў першыя дні сакавіка 1944 г. Гэта былі пераважна мірныя сельскія і гарадскія жыхары прыфрантавых раёнаў Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцей Беларусі, а таксама расійскіх Смаленскай і Арлоўскай абласцей, якіх немцы вывезлі пры адступленні яшчэ восенню 1943 г. Усіх жыхароў населеных пунктаў, што падпалі пад татальную «эвакуацыю», нямецкія салдаты гвалтам, пад пагрозай расстрэлу, выганялі з хат і накіроўвалі на зборныя пункты, дзе людзей «сартавалі» на працаздольных і непрацаздольных (старыя, калекі, хворыя, дзеці ва ўзросце да 10 гадоў, кормячыя маці і цяжарныя жанчыны, маці з двума і больш дзецьмі ва ўзросце да 10 гадоў і інш.). Прызнаных працаздольнымі адпраўлялі ў Германію ці далей у тыл для выкарыстання ў якасці рабочай сілы, астатніх накіроўвалі ў Азарыцкія лагеры. Акупанты хлусілі людзям, што ратуюць іх, вывозяць далей ад зоны баявых дзеянняў. Будучых вязняў везлі да месцаў зняволення па чыгунцы да станцый Рудабелка і Рабкор (Акцябрскі раён) на лініі Бабруйск — Старушкі, а таксама на аўтамашынах (тыфозныя хворыя), гналі пешшу па лясным і балотным бездарожжы, робячы непрацяглыя прыпынкі ў перасыльных лагерах, якія для жыхароў навакольных вёсак адначасова былі месцамі збору. У канваіраванні разам з нямецкімі ваеннаслужачымі ўдзельнічалі байцы «ўсходніх» паліцэйскіх фарміраванняў, якія бязлітасна здзекаваліся з людзей, рабуючы іх, збіваючы, расстрэльваючы знясіленых і хворых.

Паводле нямецкіх звестак, у трох асноўных лагерах знаходзіліся ў зняволенні 46 003 чалавекі, якія былі прымушаны жыць у неверагоднай цеснаце і без даху над галавой. Спаць даводзілася на снезе ці ў гразі, што ўтваралася падчас адліг. Гітлераўцы амаль не кармілі вязняў, толькі зрэдку кідалі з машын чэрствы хлеб і конскую падлу, не давалі пітной вады. Людзям было забаронена паліць вогнішчы, будаваць шалашы, набліжацца да калючага дроту. Пры парушэнні гэтых забарон вартаўнікі адкрывалі па зняволеных кулямётны агонь. Ад тыфозных хворых хутка пашыралася эпідэмія. Штодзень у Азарыцкіх лагерах ад голаду, холаду, хвароб, здзекаў і куль аховы гінулі сотні і тысячы людзей. Целы іх заставаліся ляжаць непахаванымі. Толькі ў трох асноўных лагерах загінулі каля 13 тыс. чалавек.

У ноч з 16 на 17 сакавіка 1944 г. германскія войскі пачалі запланаваны паступовы адыход на падрыхтаваны абарончы рубеж па р. Трэмля (10–12 км ад Азарычаў). Даведаўшыся ад разведчыкаў аб жудасным становішчы вязняў Азарыцкіх лагераў, начальнік штаба 65‑й арміі (камандуючы генерал-лейтэнант П. І. Батаў) 1‑га Беларускага фронту генерал-маёр М. У. Бабкоў 18 сакавіка накіраваў праз парламенцёраў камандаванню 110‑й пяхотнай дывізіі вермахта (генерал-лейтэнант Э. фон Куроўскі) ультыматум з патрабаваннем неадкладна адвесці нямецкія часці ад Азарычаў і пакінуць лагеры з грамадзянскім насельніцтвам у нейтральнай паласе. За гэта савецкі бок гарантаваў нямецкаму, што на працягу 24 гадзін не будзе праследаваць адступаючых.

Воіны 65‑й арміі 19 сакавіка ўвайшлі ў пакінутыя адступаючымі нямецкімі войскамі лагеры каля вёсак Азарычы, Падасіннік, Дзерць і вызвалілі звыш 33 210 зняволеных мірных савецкіх грамадзян, у т. л. 15 690 дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў, 13 072 жанчыны, 4448 старых. На жаль, многія з іх пазней, нягледзячы на лячэнне і клопат, памерлі ад тыфу, пнеўманіі, пераахаладжэння і дыстрафіі ў 25 шпіталях і іншых медыцынскіх установах 65‑й арміі і 1‑га Беларускага фронту або загінулі ад варожых бамбардзіровак і абстрэлаў падчас эвакуацыі ў глыбокі савецкі тыл. Тысячы з тых, хто выжыў, на ўсё жыццё засталіся калекамі або хранічна хворымі. Усяго сярод вызваленых вязняў было выяўлена 1526 выпадкаў захворвання сыпным тыфам і каля 4 тыс. хворых на пнеўманію. На сыпны тыф перахварэлі таксама каля 200 байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія вызвалялі вязняў Азарыцкіх лагераў. Аднак дзякуючы ўстанаўленню каранціннай зоны, у якую ўвайшоў 21 населены пункт, і самаадданай працы ваенных медыкаў значнага пашырэння эпідэміі тыфу ўдалося пазбегнуць. Ад урада БССР, які часова знаходзіўся ў г. Гомель, непасрэдна на месцы аказаннем дапамогі вызваленым вязням Азарыцкіх лагераў кіравала намеснік старшыні Савета Народных Камісараў БССР і старшыня Вярхоўнага Савета рэспублікі Н. Р. Грэкава (Грэкава-Малініна).

Вызваленне вязняў Азарыцкіх лагераў смерці мела шырокі грамадскі рэзананс у СССР і свеце. Савецкія журналісты, фотакарэспандэнты і кінааператары данеслі да насельніцтва вялікай краіны жудасную праўду аб ваенных злачынствах вермахта.

У 1946 г. Нюрнбергскі міжнародны трыбунал над былымі вышэйшымі кіраўнікамі нацысцкай Германіі кваліфікаваў Азарыцкія лагеры як канцэнтрацыйны лагер, што па сваёй жорсткасці адносіцца да самай высокай катэгорыі «А», а таксама прызнаў спецыяльным канцэнтрацыйным лагерам на пярэднім краі абароны.

На судовым працэсе па справе аб злачынствах, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Беларусі, які адбыўся ў Мінску ў студзені 1946 г., быў асуджаны да смяротнага пакарання праз павешанне стваральнік лагера смерці каля в. Дзерць былы камандзір 286‑й ахоўнай і 35‑й пяхотнай дывізій вермахта генерал-лейтэнант І. Г. Рыхерт. У снежні 1947 г. у Гомелі Ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі быў асуджаны да 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах (смяротнае пакаранне ў СССР было адменена ў маі 1947) стваральнік лагераў смерці каля вёсак Азарычы і Падасіннік былы камандзір 110‑й пяхотнай дывізіі вермахта генерал-лейтэнант Э. фон Куроўскі. У 1955 г. як неамнісціраваны злачынец перададзены ўладам Федэратыўнай Рэспублікі Германія і там вызвалены.

Першы помнік ахвярам Азарыцкіх лагераў смерці ў выглядзе абеліска адкрыты 19 сакавіка 1954 г. каля шашы Азарычы — Акцябрскі на месцы лагера, што існаваў у сакавіку 1944 г. каля Азарычаў. У 1965 г. тут узведзены мемарыяльны комплекс «Азарычы», які быў поўнасцю рэканструяваны ў 1991–1992 і 2023 гг. Штогод 19 сакавіка на мемарыяле праходзіць урачысты мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр Азарыцкіх лагераў смерці.

У 2004 г. у Азарычах адкрыты Музей памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці.