Дата стварэння: 29.01.2024 12:02:32
Дата змены: 15.05.2025 15:00:52
Партыза́нскі пара́д 1944 г.
Адбыўся 16 ліпеня 1944 г. у Мінску.
Пасля таго як 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск, на ўсход ад яго ў Мінскі «кацёл» трапіла 105‑тысячная групоўка нямецкіх войск, якія пагражалі гораду, прарываліся да яго ўскраін. Беларускі штаб партызанскага руху 5 ліпеня 1944 г. радыёграмай загадаў падцягнуць да Мінска 17 партызанскіх брыгад. Разам з Чырвонай арміяй партызаны ўдзельнічалі ў ліквідацыі «катла», трымалі абарону на поўнач, паўночны ўсход, усход і паўднёвы ўсход ад Мінска, ахоўвалі ўрадавыя будынкі, заводы, аэрадром і іншыя аб’екты, канваіравалі з горада больш за 17 тыс. ваеннапалонных; да 16 ліпеня 1944 г. правялі 15 буйных баявых аперацый, у час якіх узялі ў палон больш за 2 тыс. і знішчылі 237 гітлераўцаў.
У гонар вызвалення Мінска ад акупантаў 16 ліпеня на тэрыторыі былога іпадрома адбыўся мітынг працоўных і партызан з удзелам дэлегацыі воінаў Чырвонай арміі на чале з камандуючым 3‑м Беларускім фронтам генералам арміі I. Д. Чарняхоўскім, дэлегацыі працоўных г. Горкі, якая перадала вызваленаму гораду эшалон падарункаў. На мітынгу сакратар ЦК КП(б)Б і Старшыня СНК БССР П. К. Панамарэнка ад імя ўрада БССР і ЦК КП(б)Б павіншаваў працоўных і партызан з вызваленнем сталіцы БССР і перадаў воінам 1‑га, 2‑га, 3‑га Беларускіх і 1‑га Прыбалтыйскага франтоў сардэчную падзяку беларускага народа за выратаванне ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Пасля мітынгу адбыўся парад з удзелам больш як 30 тыс. партызан Мінскага, Магілёўскага і іншых злучэнняў.