Дата стварэння: 29.01.2024 12:03:56
Дата змены: 27.12.2024 11:41:09
Сталінгра́дская бі́тва 1942–1943 гг.
Адна з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчынай і Другой сусветнай войнаў. Складалася з абарончай (17.7–18.11.1942) і наступальнай (19.11.1942 — 2.2.1943) аперацый савецкіх войск на сталінградскім напрамку.
Скарыстаўшы стратэгічную перамогу над савецкімі войскамі ў майскай Харкаўскай аперацыі 1942 г. (савецкія страты склалі 270 тыс. чалавек, з іх 171 тыс. — незваротна) і адсутнасць 2‑га фронту ў Еўропе, камандаванне вермахта з мэтай выхаду да нафтавых раёнаў Каўказа і ўрадлівых зямель у раёне Дона, Кубані, Ніжняй Волгі да лета 1942 г. сканцэнтравала на паўднёвым крыле савецка-германскага фронту вялікія сілы, якія перавышалі савецкія войскі ў людзях у 1,7 раза, у артылерыі і танках у 1,3 раза, у самалётах больш як у 2 разы. Праціўнік дамогся поспеху і ў бітве за Данбас (7–24.7.1942). Для наступлення на г. Сталінград (меў важнае стратэгічнае значэнне, бо з’яўляўся буйным прамысловым цэнтрам; уверх па р. Волга шлі судны з паўднёвай нафтай) з нямецкай групы армій «Б» была вылучана 6‑я армія (генерал-палкоўнік Ф. Паўлюс).
Абарончая аперацыя савецкіх войск пачалася 17 ліпеня 1942 г. на далёкіх падыходах да Сталінграда на рубяжы рэк Чыр і Цымла. На працягу шасці сутак перадавыя атрады 62‑й і 64‑й армій Сталінградскага фронту (камандуючы фронтам Маршал Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка, з 23.7.1942 генерал-лейтэнант В. М. Гордаў, з 13.8.1942 генерал-палкоўнік А. I. Яроменка) аказвалі 6‑й арміі жорсткае супраціўленне. Барацьба за галоўную палосу абароны пачалася 23 ліпеня. Намер праціўніка выйсці ў раён г. Калач-на-Доне і з захаду прарвацца да Сталінграда быў сарваны. Савецкія войскі адышлі на левы бераг р. Дон, занялі абарону на вонкавым абводзе абароны Сталінграда і спынілі праціўніка. Нямецка-фашысцкае камандаванне было вымушана 31 ліпеня павярнуць 4‑ю танкавую армію з каўказскага на сталінградскі напрамак. Стварылася прамая пагроза прарыву да горада з паўднёвага захаду. На гэтым напрамку Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандавання са складу Сталінградскага фронту вылучыла Паўднёва-Усходні фронт (А. І. Яроменка), войскі якога нанеслі контрудар і 17 жніўня спынілі праціўніка на вонкавым абарончым абводзе. Адначасовымі ўдарамі з захаду і паўднёвага захаду нямецка-фашысцкія войскі пасля фарсіравання Дона 19 жніўня імкнуліся авалодаць Сталінградам.
Перагрупаваўшы сілы і кінуўшы ў бой усю авіяцыю 4‑га паветранага флоту, праціўнік 23 жніўня прарваўся да Волгі ў раёне пас. Рынок на поўнач ад Сталінграда, 13 верасня 1942 г. пачаў штурм горада. Абарона Сталінграда была ўскладзена на войскі 62‑й (генерал-лейтэнант В. I. Чуйкоў) і 64‑й (генерал-маёр, са снежня 1942 генерал-лейтэнант М. С. Шумілаў) армій. Асабліва вызначыліся 13‑я і 37‑я гвардзейскія, 95‑я, 112‑я, 138‑я, 308‑я стралковыя дывізіі, 84‑я танкавая брыгада. Фашысты поўнасцю разбурылі горад, але зламаць супраціўленне абаронцаў і авалодаць Сталінградам не змаглі. За час з 17 ліпеня да 18 лістапада 1942 г. вораг страціў паміж рэкамі Дон і Волга да 700 тыс. чалавек забітымі і параненымі, больш за 1 тыс. танкаў і штурмавых гармат, звыш 2 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 1,4 тыс. баявых і транспартных самалётаў і вымушаны быў перайсці да абароны. У ходзе абарончых баёў савецкае камандаванне распрацавала план контранаступлення (кодавая назва «Уран») з мэтай акружэння і знішчэння групоўкі ворага ў раёне Сталінграда.
Да пачатку наступальнай аперацыі на сталінградскім напрамку былі разгорнуты 3 фронты: Паўднёва-Заходні (генерал-лейтэнант М. Ф. Ватуцін), Данскі (генерал-лейтэнант К. К. Ракасоўскі) і Сталінградскі (А. І. Яроменка), якія мелі 1 103 тыс. чалавек, 15,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1 463 танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі, 1 350 баявых самалётаў. Савецкім войскам процістаялі італьянская 8‑я, румынская 3‑я арміі, нямецкія 6‑я палявая і 4‑я танкавая, румынская 4‑я арміі групы армій «Б», якія налічвалі больш за 1 011,5 тыс. чалавек, 10 290 гармат і мінамётаў, 675 танкаў і штурмавых гармат, 1 216 баявых самалётаў. Ставілася задача Паўднёва-Заходняму фронту ўдарам ад г. Серафімовіч на г. Калач-на-Доне і пас. Савецкі, Сталінградскаму фронту — з раёна Сарпінскіх азёр ударам у сустрэчным напрамку акружыць войскі праціўніка ў міжрэччы Волгі і Дона, Данскому фронту — акружыць і знішчыць ворага ў малым выгіне Дона. Пры адноснай роўнасці сіл савецкія войскі стварылі перавагу на напрамках галоўных удараў. Контрнаступленне пачалі 19 лістапада 1942 г. Паўднёва-Заходні і Данскі франты. Каардынаваў іх дзеянні прадстаўнік Стаўкі генерал-палкоўнік А. М. Васілеўскі. Сталінградскі фронт перайшоў у наступленне 20 лістапада. Прарваўшы абарону праціўніка, савецкія войскі 23 лістапада 1942 г. злучыліся ў раёне Калача-на-Доне, Савецкага, завяршылі акружэнне 6‑й і часткі сіл 4‑й танкавай нямецкіх армій (22 дывізіі і больш як 160 асобных часцей, 330 тыс. чалавек).
У 2‑й палавіне снежня войскі Сталінградскага фронту разграмілі нямецкую армейскую групу «Гот», якая наступала з раёна Кацельнікаўскага з мэтай дэблакіравання акружаных войск; войскі Паўднёва-Заходняга і Варонежскага (генерал-лейтэнант П. I. Голікаў) франтоў на Сярэднім Доне разбілі 8‑ю італьянскую армію і нямецка-фашысцкую аператыўную групу «Холіт». Да пачатку студзеня 1943 г. акружаная групоўка праціўніка скарацілася да 250 тыс. чалавек, да 300 танкаў, 4 130 гармат і мінамётаў і 100 баявых самалётаў. Яе ліквідавалі войскі Данскога фронту: з 10 студзеня да 2 лютага 1943 г. узята ў палон звыш 91 тыс. чалавек, у т. л. больш як 2,5 тыс. афіцэраў і 24 генералы на чале з фельдмаршалам Ф. Паўлюсам; каля 140 тыс. забіта. Усяго з 19 лістапада 1942 г. да 2 лютага 1943 г. вораг страціў больш за 800 тыс. чалавек, каля 2 тыс. танкаў і штурмавых гармат, звыш 10 тыс. гармат і мінамётаў, каля 3 тыс. баявых і транспартных самалётаў. За час Сталінградскай бітвы, якая працягвалася 200 дзён і начэй, фашысцкі блок страціў ¼ частку сіл, якія дзейнічалі на савецка-германскім фронце. Агульныя страты ворага забітымі, параненымі, палоннымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 1,5 млн салдат і афіцэраў. У Германіі была абвешчана жалоба.
У складзе савецкіх войск пад Сталінградам гераічна змагаліся тысячы ўраджэнцаў Беларусі. Чырвонаармеец А. Я. Вашчанка 5 верасня 1942 г. у баі пад Сталінградам сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота. Партызаны Беларусі ўдарамі па камунікацыях ворага дапамагалі абаронцам Сталінграда. У 2‑й палавіне 1942 г. штомесяц яны ўзрывалі па 150–160 эшалонаў праціўніка. Партызаны брыгады «За Савецкую Беларусь» (гл. Партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Віцебскай і Вілейскай абласцей) 4 жніўня 1942 г. падарвалі 100‑метровы мост цераз р. Дрыса на чыгунцы Даўгаўпілс — Полацк і спынілі рух на 16 сутак. Партызанскія атрады 8‑ы, 24‑ы, 36‑ы Магілёўскай вобласці 28 жніўня 1942 г. разбурылі чыгуначную станцыю Слаўнае на дарозе Мінск — Масква. Партызаны Мінскай і Палескай абласцей 3 лістапада 1942 г. падарвалі 137‑метровы мост цераз р. Пціч на чыгунцы Брэст — Гомель, спыніўшы рух на 18 сутак.
Перамогшы пад Сталінградам, Чырвоная армія захапіла стратэгічную ініцыятыву і пачала зімовае наступленне 1942–1943 гг. ад Ленінграда да Паўночнага Каўказа, адкінула ворага на асобных напрамках на 600–700 км. Пачалося масавае выгнанне акупантаў з савецкай зямлі. Перамога пад Сталінградам была пачаткам карэннага пералому ў ходзе Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнаў. У гвардзейскія былі пераўтвораны 183 часці, злучэнні і аб’яднанні, 55 злучэнняў і часцей узнагароджаны ордэнамі, 112 воінам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 22 снежня 1942 г. устаноўлены медаль «За абарону Сталінграда», ім узнагароджаны больш як 700 тыс. удзельнікаў бітвы.
Сталінград (з 1961 Валгаград) упершыню быў названы горадам-героем 1 мая 1945 г. у загадзе № 20 Вярхоўнага галоўнакамандуючага. На Мамаевым кургане ўзведзены помнік-ансамбль героям Сталінградскай бітвы. Валгаград 8 мая 1965 г. быў афіцыйна аб’яўлены горадам-героем і ўзнагарожаны ордэнам Леніна і медалём «Залатая Зорка».
Паводле рашэння гарадской думы Валгаграда з 2013 г. гэты горад 9 разоў на год носіць назву Сталінград у памяць аб Сталінградскай бітве: 2 лютага — у Дзень разгрому нямецка-фашысцкіх войск у Сталінградскай бітве; 23 лютага — у Дзень абаронцы Айчыны; 8 мая — у Дзень прысваення гораду Валгаграду ганаровага звання горада-героя; 9 Мая — у Дзень Перамогі; 22 чэрвеня — у Дзень памяці і смутку; 23 жніўня — у Дзень памяці ахвяр бамбардзіроўкі Сталінграда нацысцкай авіяцыяй; 2 верасня — у Дзень заканчэння Другой сусветнай вайны; 19 лістапада — у Дзень пачатку разгрому нацыстаў пад Сталінградам і 9 снежня — у Дзень Герояў Айчыны.