Дата стварэння: 15.02.2024 14:32:55
Дата змены: 05.03.2025 09:07:50
Партыза́нская брыга́да 12‑я кавалеры́йская імя́ I. В. Ста́ліна
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Пухавіцкага, Чэрвеньскага, Капыльскага, Чырвонаслабодскага і Старобінскага раёнаў Мінскай вобласці, Асіповіцкага, Бабруйскага і Бярэзінскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Ганцавіцкага раёна Пінскай вобласці і Глускага раёна Палескай вобласці.
Створана ў сакавіку 1943 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра і Бабруйскага падпольнага райкама КП(б)Б Магілёўскай вобласці на базе атрада імя І. В. Сталіна (арганізаваны ў маі 1942 на базе групы У. А. Ціхамірава, якая дзейнічала з кастрычніка 1941), вылучанага партызанскай брыгадай «За Радзіму» (гл. Партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава Мінскай і Брэсцкай абласцей). У брыгадзе сфарміраваны атрады: 754‑ы імя У. І. Алёхіна (намеснік камандзіра атрада імя І. В. Сталіна У. I. Алёхін загінуў у баі 20.10.1942), 755‑ы імя М. М. Дамручова (камандзір роты атрада імя І. В. Сталіна М. М. Дамручоў загінуў у баі 26.9.1942) і 756‑ы імя А. В. Зенепрацова (камандзір аддзялення атрада імя І. В. Сталіна А. В. Зенепрацоў загінуў у баі 26.10.1942). У сакавіку 1943 г. брыгада пераўтворана ў кавалерыйскую. У верасні 1943 г. была перададзена Мінскаму партызанскаму злучэнню і перадыслацыравалася з Бабруйскага ў Чырвонаслабодскі раён.
Партызаны праводзілі аперацыі на варожых камунікацыях Пухавічы — Бабруйск, Асіповічы — Баранавічы, Баранавічы — Лунінец. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» знішчылі каля 2,5 тыс. рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Якшыцы Бярэзінскага раёна, Ліпень, Лапічы Асіповіцкага раёна (жнівень 1942), Горкі Чэрвеньскага раёна (студзень 1943), Падлужжа, Згода, Бярозаўка Глускага раёна (ліпень 1943), рабілі налёты на варожыя гарнізоны ў Пухавічах і ў в. Дзяніскавічы Ганцавіцкага раёна. У студзені, сакавіку, лістападзе 1943 г., лютым, красавіку, маі 1944 г. вялі баі з карнікамі. З партызанскай брыгадай 32‑й імя М. І. Калініна Мінскай вобласці ўтрымлівалі партызанскую зону. Ва ўзаемадзеянні з часцямі Чырвонай арміі 29 чэрвеня — 3 ліпеня 1944 г. у раёне Чырвоная Слабада — Пагост вялі баі з ворагам, які адступаў.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 754‑ы імя У. І. Алёхіна, 755‑ы імя М. М. Дамручова, 756‑ы імя А. В. Зенепрацова, у якіх змагаліся 579 партызан.
Камандзір брыгады У. А. Ціхаміраў, камісар I. А. Цяплінскі, начальнік штаба Д. П. Самсонаў.
Камандзіру брыгады У. А. Ціхаміраву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Ва ўрочышчы Норы за 4 км на паўночны захад ад в. Вялікі Рожан Салігорскага раёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлена памятная стэла ў гонар штабоў 12‑й кавалерыйскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна, 32‑й партызанскай брыгады імя М. І. Калініна, а таксама Чырвонаслабодскага падпольнага райкама КП(б)Б, якія базіраваліся тут у час Вялікай Айчыннай вайны.