Дата стварэння: 15.02.2024 14:35:08
Дата змены: 10.07.2025 14:29:22
Партыза́нская брыга́да імя́ Алякса́ндра Не́ўскага
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Іўеўскага і Юрацішкаўскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.
Створана ў красавіку 1944 г. загадам упаўнаважанага Цэнтральнага камітэта КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Баранавіцкай вобласці на базе атрада імя Аляксандра Неўскага, вылучанага партызанскай брыгадай «Уперад»; пры фарміраванні арганізаваны атрады імя Кастуся Каліноўскага і «Мсцівец».
Партызаны вялі адкрытыя і засадныя баі з ворагам, зрывалі перавозкі па чыгунках і шашэйных дарогах. Толькі ў красавіку 1944 г. правялі 16 баёў, у маі на чыгуначным участку Маладзечна — Ліда падарвалі 4 эшалоны, у «Рэйкавую вайну» — больш за 1,3 тыс. рэек. Прымалі ўдзел у абароне паўночнай мяжы Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоны, вялі баі з карнікамі, разграмілі 5 ліпеня 1944 г. апорны пункт ворага ў в. Бяжэмцы Юрацішкаўскага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 7 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Аляксандра Неўскага, імя Кастуся Каліноўскага, «Мсцівец», у якіх налічваўся 391 партызан.
Камандзір брыгады А. Г. Байкоў, камісар М. М. Гаўрылаў, начальнік штаба Ф. У. Шачанкоў.